Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, які ўцёк у Расею ў 2014 годзе, жыве ў Сочы пад чужым імем, а яго сям’я за гады жыцьця ў Расеі набыла сотні гектараў зямлі, дзясяткі абʼектаў нерухомасьці і назапасіла мільёны даляраў на банкаўскіх рахунках. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні праекту «Телебачення Торонто».
Аўтары расьсьледаваньня таксама сьцьвярджаюць, што ахову Януковіча і яго сямʼі забясьпечваюць былыя супрацоўнікі Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Ўкраіны, якія пасьля ўцёкаў экс-прэзыдэнта перайшлі на службу ў Фэдэральную службу аховы Расеі.
Раней выданьне «Важные истории» паведамляла, што сын былога прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Януковіч зарабляе мільярды рублёў на продажы вугалю з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Данбасу. Паводле зьвестак выданьня, у 2024 годзе ён атрымаў расейскае грамадзянства.
Паводле расьсьледнікаў, Віктар Януковіч жыве ў сочынскім маёнтку разам з грамадзянскай жонкай Любоўю Паляжай і карыстаецца дакумэнтамі на імя Алега Лявонава (Олег Леонов). Менавіта пад гэтым імем, як сьцьвярджаецца, ён суправаджаў Паляжай у паездках у Абхазію. У расейскіх базах у Лявонава пазначана тая ж дата нараджэньня, што і ў Януковіча. Лявонава — дзявочае прозьвішча маці былога прэзыдэнта Ўкраіны. Іншых зьвестак пра чалавека з такімі дадзенымі журналісты не знайшлі.
Як сьцьвярджаюць у расьсьледаваньні, сын Януковіча Аляксандар і яго сямʼя жывуць пад прозьвішчам Сакаловы, а Паляжай зьмяніла прозьвішча на дзявочае — Садыкава. На Садыкаву зарэгістраваны маёнтак «Благодать» плошчай каля трох гектараў у Сочы, а таксама іншыя зямельныя ўчасткі і абʼекты нерухомасьці.
Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што за час жыцьця ў Расеі яна стала ўладальніцай больш за 370 гектараў зямлі і амаль дзьвюх з паловай тысяч квадратных мэтраў нерухомасьці.
Паводле расьсьледаваньня, нявестка Януковіча набыла больш за 27 тысяч квадратных мэтраў нерухомасьці, у тым ліку ў элітным пасёлку «Бенилюкс» у Падмаскоўі. У 2024 годзе, як сьцьвярджаюць журналісты, на яе банкаўскіх дэпазытах знаходзілася каля трох з паловай мільёнаў даляраў, а на рахунках яе сына Віктара — амаль пяць мільёнаў.
Украінскія журналісты знайшлі маёнтак Віктара Януковіча ў Сочы. Дом надзіва падобны на яго былую рэзыдэнцыю ў Межыгорʼі пад Кіевам. https://www.currenttime.tv/a/pomeste-yanukovicha-v-sochi/33816138.html
Хто такі Віктар Януковіч
Януковіч займаў пасаду прэзыдэнта Ўкраіны з 2010 па 2014 год.
У лютым 2014 году ён уцёк з краіны падчас палітычнага крызісу і пасьля стральбы па ўдзельніках Эўрамайдану.
У студзені 2019 году суд ва Ўкраіне завочна асудзіў яго на 13 гадоў зьняволеньня ў справе аб дзяржаўнай здрадзе і дапамозе ў разьвязваньні агрэсіўнай вайны, а ў красавіку 2025 году — яшчэ на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў справе аб арганізацыі незаконнага перасячэньня мяжы і падбухторваньні да дэзэртырства.
У сьнежні 2022 году Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны пастанавіў сканфіскаваць усю маёмасьць Януковіча на карысьць дзяржавы. Сярод сканфіскаванага — рэзыдэнцыя «Межыгор’е», гатэльна-рэстаранны комплекс, прыватны дом, кватэра у Кіеве і некалькі паркавальных месцаў.