Уладзімір Зяленскі апошнія некалькі тыдняў неаднаразова казаў аб узмацненьні расейскіх абстрэлаў Украіны балістычнымі ракетамі і сур’ёзных праблемах СПА Ўкраіны, якой востра не хапае супрацьбалістычных ракет, піша «Настоящее время».
У інтэрвію CNN прэзыдэнт Украіны сказаў, што ў гэтым годзе ў сіл абароны Украіны ў 2, 5 раза менш ракет-перахопнікаў, чым было ў мінулым годзе, а ў Расеі — наадварот: у 2 разы больш балістычных ракет у месяц, чым было раней. Ён асобна дадаў, што Ўкраіна плаціць стопрацэнтную цану за кожны пакет ракет да СПА Patriot, а не атрымлівае амэрыканскія ракеты бясплатна або са зьніжкай:
«Гэта мае асабістыя перамовы, сустрэчы і тэлефонныя званкі кожны дзень. Я спрабую нешта абмяняць на ракеты, — сказаў Зяленскі. — Я прашу амэрыканскіх партнэраў прадаць 5% наяўных у іх ракет. Калі амэрыканцы прададуць нам 5% перахопнікаў PAC-3 — мы перажывем зіму і мы выратуем жыцьці людзей».
Крызіс з ракетамі СПА ва Ўкраіне стаў відавочным яшчэ і праз тое, што Паветраныя сілы Ўкраіны абʼявілі, што больш ня будуць штодня асьвятляць, колькі ракет было выпушчана па Ўкраіне і колькі ўдалося зьбіць. У апошніх зводках ад Паветраных сіл насупраць колькасьці зьбітых расейскіх балістычных ракет часта стаяў нуль — зьбіваць іх сапраўды не было чым.
Ва Ўкраіне пачалі лічыць: 5% ракет, аб якіх кажа Зяленскі, — гэта колькі? Вайсковыя экспэрты гавораць, што кожны год у сьвеце вырабляюць толькі каля 700 ракет да СПА Patriot, і рабіць больш пакуль немагчыма. Кампанія-вытворца, амэрыканскі вайсковы канцэрн Lockheed Martin, заяўляла аб павелічэньні вытворчасьці. Але фірмы, якія робяць камплектуючыя да яе ракет, выявіліся не гатовымі да хуткага нарошчваньня магутнасьцяў. Таму зараз Расея сапраўды выпускае больш балістычных ракет, чым вырабляецца Patriot.
Кіраўнік сіл бесьпілётных сыстэм УСУ Робэрт Броўдзі (Мадзяр) сьцьвярджае, што Крэмль цяпер імкнецца нарасьціць абʼём аднаразовага залпу ракет па Ўкраіне ў 3 разы — да 200 адзінак.
У месяц Расея вырабляе каля 60 «Искандер-М», каля 40 ракет С-400 і невялікую колькасьць — да 5 ракет «Кинжал» або «Циркон», — тлумачыць украінскі вайсковы экспэрт Анатоль Храпчыскі. — Гэта тое, што патрабуе перахопу балістычнымі ракетамі кляса PAC-3».
«Адпаведна, я б казаў, што калі прэзыдэнт Зяленскі кажа пра 5% ці 10% амэрыканскіх ракет да СПА Patriot, якія патрэбныя Ўкраіне, то, умоўна, для таго, каб перажыць зіму, мінімальны запас ракет, які павінен быць ва Ўкраіны — гэта каля 300 ракет», — падлічвае ён.
Колькі ўсяго ракет PAC-3 існуе ў сьвеце, наўрад ці хтосьці скажа. Амэрыканскія аналітыкі ацэньваюць колькасьць такіх ракет у ЗША на ўзроўні васьмі сотняў адзінак. Але яны таксама ёсьць на складах у іншых краінах, у якія ЗША прадавалі свае сыстэмы СПА Patriot. Аналітыкі кажуць аб «глябальным» дэфіцыце ракет да гэтых сыстэм: гэта значыць, што Ўкраіне будзе складана іх купіць у тых жа краін Пэрсідзкай затокі і іншых саюзьнікаў ЗША — у іх у рэгіёнах зараз таксама ідуць ваенныя канфлікты.
Колькі ракет трэба Ўкраіне
Украінскі экспэрт Валеры Раманенка распавядае:
«У 2025 годзе было выпушчана, па розных ацэнках, ад 620 да 640 ракет. Гэта значыць, гэта 32 ракеты, калі гаворым пра 5% у месяц. 10% — гэта 64-65 ракет. Калі мы ўсё ж іх атрымаем, мы зможам цэлы месяц пратрымацца. Нам ракет трэба нашмат больш, але нават гэтыя запасы дапамаглі б.
Але яшчэ ёсьць запас амэрыканскіх ракет на складах, і ён дастаткова вялікі. Калі б завяршылася вайна ў Пэрсідзкай затоцы, то там вельмі вялікія запасы ракет. І ў большасьці сваёй гэтыя ракеты ня былі выпушчаныя падчас цяперашняга канфлікту з Іранам. То бок, калі б яны змаглі з намі падзяліцца гэтымі ракетамі, дык сытуацыя для нас, Украіны, была б вельмі нядрэннай.
Акрамя таго, Злучаныя Штаты сказалі, што яны прынамсі на 100 ракет у месяц павялічаць вытворчасьць. У прынцыпе, нейкую частку расейскіх балістычных і гіпэргукавых ракет мы б, атрымаўшы гэтыя ракеты, маглі зьбіваць. І гэта ўжо зьменшыла б эфэктыўнасьць расейскіх удараў па нашай інфраструктуры».
Раманенка кажа, што ва ўмовах пастаяннага дэфіцыту ракет да сыстэм СПА Patriot ёсьць альтэрнатыва: наносіць удары па заводах-вытворцах ракет у Расеі. Балістыку вырабляюць усяго два заводы, і яшчэ два заводы вырабляюць цвёрдапаліўныя рухавікі для гэтых ракет.
Ёсьць яшчэ некалькі прадпрыемстваў, таксама прыкладна тры-чатыры прадпрыемствы, якія вырабляюць камплектуючыя, радыёэлектронныя камплектуючыя да ракет, цэлыя блёкі, якія затым устанаўліваюцца на ракеты. Украіна наносіла ўдары практычна па ўсіх гэтых прадпрыемствах, і ён трэба інтэнсыфікаваць іх з паступленьнем на ўзбраеньне ўкраінскіх балістычных ракет. Акрамя таго, можна біць па складах, па пускавых устаноўках.
«Супраць Украіны працуе 5 ракетных брыгад, якія робяць пускі, кожная мае 12 пускавых установак. Тры брыгады знаходзяцца ў абласьцях уздоўж мяжы Ўкраіны. Калі мы зможам наносіць удары па іх гарнізонах і дзесьці лавіць пускавыя ўстаноўкі, каб іх уразіць, інтэнсіўнасьць удараў па Ўкраіне зьнізіцца. Кожная пускавая ўстаноўка нясе дзьве ракеты. Мінус дзьве ракеты — гэта ўжо сурʼёзнае зьніжэньне эфэктыўнасьці расейскага ўдару», — заяўляе Раманенка.
Як хутка на фронце можа зьявіцца ўкраінская балістычная ракета? Яе лётныя выпрабаваньні пачаліся, ва ўсякім разе, яны былі абвешчаныя ў лютым гэтага года, некаторая колькасьць пускаў была зроблена на працягу лета. Кампанія Fire Point, вытворца ўкраінскай балістыкі ФП-7 і ФП-9, абяцае пачатак сэрыйнай вытворчасьці на восень гэтага году.