Першы пікет у Горадні: «Мы за вас, але выбары — фарс...»

Першы пікет, ужо ў сярэдзіне выбарчай кампаніі, правялі ў цэнтры Горадні кандыдаты ад дэмакратычных партыяў — АГП і Беларускай партыі «Зялёных». Мінакі разьбіралі матэрыялы, размаўлялі, цікавіліся. Але большасьць зь іх перакананыя, што вынікі выбараў вядомыя ўжо цяпер.

Анатоль Лябедзька праз мэгафон заклікаў сёньня на Савецкай вуліцы ў Горадні падтрымаць на выбарах вылучэнцаў ад АГП, прапаноўваў знаёміцца з праграмай партыі і выступаць супраць будоўлі АЭС.

Кандыдаты ад АГП і Беларускай партыі «Зялёных», якія балятуюцца ў Гарадзенскай вобласьці, зьехаліся сёньня ў абласны цэнтар запісаць тэледэбаты на мясцовым тэлебачаньні.

Першы пікет дэмакратычных партыяў у Горадні

На Савецкай яны раздавалі ўлёткі і тлумачылі свае праграмы. Гаворачы пра адметнасьць гэтай выбарчай кампаніі, Лябедзька кажа, што большасьць людзей выказвае недавер уладам:

Анатоль Лябедзька з мэгафонам на Савецкай у Горадні

— Такога расчараваньня ўладамі не было падчас аніводнай выбарчай кампаніі. Вось і тут мы практычна не сустракаем пытаньня — чаму трэба мяняць уладу, людзі цікавяцца — як гэта зрабіць. Адзінае — людзі ня вераць у свае сілы: 99% кажуць, што патрэбныя перамены, і ў той самы час кажуць, што зрабіць гэта немагчыма.

Прадстаўнік Беларускай партыі «Зялёных» Дзьмітры Кучук, які якраз і балятуецца ў Астравецкім раёне, кажа, што выбарчая кампанія праходзіць няпроста. Нестае друкаванай прадукцыі, хоць ёсьць плян, каб правесьці пікеты і сустрэцца зь людзьмі.

Дзьмітры Кучук, кандыдат ад Беларускай партыі «Зялёных»

— Падчас збору подпісаў у Астравецкім і Смаргонскім раёнах мы прыйшлі да высновы, што дзьве траціны людзей на нашым баку і мы ня маем права іх кінуць. Астравеччына насамрэч — зялёны край, там трэба будаваць санаторыі і дамы адпачынку, а не атамную станцыю. І таму мы абавязкова будзем змагацца супраць яе будоўлі нават і пасьля выбараў.

Давераная асоба Кучука Тацяна Новікава ад самага пачатку будоўлі АЭС выступае супраць яе.

Прамаўляе Тацяна Новікава, давераная асоба Дзьмітрыя Кучука

— На Астравеччыне, на жаль, вельмі шмат людзей запалоханых, многія ня хочуць гаварыць на гэтую тэму. Тым ня менш самі ж людзі ўжо распавядаюць, што побач, на Пастаўшчыне, хочуць будаваць мэталюргічны камбінат, бо інакш невядома будзе, куды падзець гэтую энэргію. А што з гэтага атрымаецца?

Адзін зь мінакоў пытаецца — а як гэтаму супрацьстаяць, калі вынікі выбараў ужо вядомыя? Тацяна Новікава адказвае:

Тацяна Новікава

— Усе мы ведаем, што рана ці позна памром, але ўсё роўна імкнёмся нешта зрабіць, каб пакінуць свой сьлед. Трэба выкарыстоўваць кожную магчымасьць, каб даносіць гэтую інфармацыю да людзей, нягледзячы на тое, што вынікі выбараў вядомыя. Нам трэба ўсім народам голасна казаць, што гэтая станцыя нам непатрэбная, каб улада нас пачула.

Маладая дзяўчына бярэ агітацыйную ўлётку і цікавіцца ў пікетоўцаў, дзе яшчэ па горадзе адбываюцца пікеты і ці будуць сустрэчы з дэмакратычнымі кандыдатамі? Я пытаюся ў яе — што яна наагул думае пра гэтую выбарчую кампанію?

— Ды ад нас нічога не залежыць. У мяне ёсьць знаёмыя, якія не адзін год працуюць у выбарчых камісіях, дык яны і цяпер кажуць, што ўсё будзе як задумана. Мне проста цікава назіраць за ўсім гэтым, бо ўлады так прыгожа паказваюць, як яны нам даюць права выбару, а насамрэч, напэўна, толькі пасьмейваюцца ў сваіх кабінэтах, што людзі выходзяць на вуліцу і агітуюць іншых. Так што гэтыя выбары — фарс. Я на іх не хаджу, але і жыць ужо так надакучыла...

Кандыдатка ад АГП зь Іўя Ірына Давідовіч вядзе дыскусію на вуліцы зь мясцовымі жанчынамі. Спадарыня перадпэнсійнага веку кажа, што згодная — так, павінны наступіць перамены, уладу варта зьмяніць. Але яна яшчэ да выбараў перакананая, што вынікі ўжо вядомыя.

Ірына Давідовіч, кандыдат ад АГП у Іўі

— Мне так вось большасьць людзей кажа кожны дзень. Цікава толькі тое, што ўсе ведаюць вынік, але ўсім цікава гэта абмяркоўваць, бо, відаць, вельмі хочацца гэтых зьменаў. У мяне ў раёне таксама людзі добразычліва ставяцца, калі я іх агітую, але веры няма ніякай.