Паўло Грыб будзе заставацца пад арыштам мінімум да сярэдзіны кастрычніка

Паўло Грыб

Праваахоўныя органы арыштавалі Паўла Грыба, грамадзяніна Ўкраіны, да 17 кастрычніка. Пра гэта расейскаму агенцтву ТАСС паведамілі ў Кастрычніцкім раённым судзе Краснадару.

«Мера стрыманьня — арышт на два месяцы. Рашэньне вынесена 17 жніўня», — паведамілі ў судзе, адзначыўшы, што гаворка пра «абвінавачанага Грыба Паўла Ігаравіча, 1998 году нараджэньня, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку». Раней адвакат арыштаванага Андрэй Сабінін паведаміў ТАСС, што маладога чалавека ўтрымліваюць у Краснадары ў СІЗА-5 Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. Грыба абвінавачваюць паводле артыкулу 205.1 КК РФ («Садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

У канцы жніўня былы супрацоўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў, што расейскія спэцслужбы выкралі ягонага сына Паўла падчас наведваньня Беларусі. Амбасада Ўкраіны ў Менску накіравала ноту ў МЗС Беларусі з мэтай высьвятленьня месцазнаходжаньня Грыба-малодшага.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі, што такі грамадзянін Украіны іхнымі супрацоўнікамі не затрымліваўся, а таксама не зьвяртаўся ў міліцыю. Неўзабаве пракуратура Чарнігаўскай вобласьці распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства».

Міністэрства замежных спраў Украіны выказала пратэст Расеі ў сувязі з затрыманьнем Паўла Грыба. Ведамства запатрабавала забясьпечыць доступ ўкраінскіх консулаў да затрыманага, даць вычарпальную інфармацыю пра месца, прычыны і абставіны яго затрыманьня і забясьпечыць неадкладнае вяртаньне грамадзяніна Ўкраіны на радзіму.