У ноч на 12 сакавіка на праспэкце Чаўчавадзэ ў Батумі адбылася масавая акцыя пратэсту, якая перарасла ў беспарадкі і пагромы, падпальваньне аўтамабіляў.
Паводле «Інтэрфаксу», беспарадкі справакавала гвалтоўнае затрыманьне двух кіроўцаў — сотні мясцовых жыхароў спрабавалі прарвацца ў аддзяленьне паліцыі, куды даставілі затрыманых.
Агулам былі затрыманыя каля 40 чалавек, паліцыя ўжывала сьлезацечны газ і гумавыя кулі. Паводле праваахоўнікаў, у беспарадках пацярпелі 33 чалавекі, у тым ліку 15 паліцыянтаў.
Міністар унутраных справаў паабяцаў і надалей спыняць беспарадкі «адэкватнай сілай», але дапусьціў кадравыя зьмены ў ведамстве. Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі заявіў, што «выяўленьне свабоды слова -- гэта права грамадзян, але акты вандалізму ня могуць мець нічога агульнага з гэтым правам”.
Прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку прэм’ер-міністар і старшыня ўраду, вінавацяць у падбухторваньні пратэстаў палітычных апанэнтаў, у тым ліку заснаваную экс-прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі партыю «Адзіны нацыянальны рух». Тая партыя ў сваю чаргу асудзіла і гвалт супраць супрацоўнікаў паліцыі, і «неадэкватную рэакцыю ўладаў» — адказнасьць за здарэньне яна ўскладае на ўрад.