«Спадар Ніхто супраць Пуціна» атрымаў прэмію «Оскар» за найлепшы дакумэнтальны фільм

Колішні настаўнік расейскай школы Павел Таланкін з статуэткай «Оскар» за найлепшы дакумэнтальны фільм

Фільм «Спадар Ніхто супраць Пуціна» пра маладога расейскага настаўніка, які ціха супраціўляецца вайне Крамля супраць Украіны, 15 сакавіка атрымаў «Оскар» за найлепшы дакумэнтальны фільм, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Фільм зьнялі рэжысэр Дэйвід Барэнштэйн і расейскі настаўнік Павел Таланкін, які, уласна, і ёсьць галоўным героем стужкі, якая расказвае пра ягоную працу ў школе ў бедным шахтарскім мястэчку Карабаш на Ўрале.

Your browser doesn’t support HTML5

Russia Asked A Teacher To Film Pro-War Propaganda. He Made An Oscar-winning Documentary Instead

У фільме выкарыстоўваюцца матэрыялы, зьнятыя Таланкіным за два гады, каб паказаць, як урад прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна навязвае вучням праваенную прапаганду.

З ініцыятывы Міністэрства адукацыі Расеі 35-гадовы Таланкін дапамагаў здымаць прапаганду ў падтрымку вайны ў пачатковай школе ў Карабашы. Але чыноўнікі міністэрства не падазравалі, што ён ператворыць свае відэа ў дакумэнтальны фільм пра расейскую кампанію аб «патрыятычнай адукацыі» школьнікаў.

У фільме, які выданьне The Hollywood Reporter назвала «кранальнай, інтымнай хронікай», Таланкін задакумэнтаваў і свой уласны перасьлед і канчатковае выгнаньне.

«„Містэр Ніхто супраць Пуціна“ — гэта фільм пра тое, як вы траціце сваю краіну, і тое, што мы ўбачылі, працуючы з гэтымі відэаматэрыяламі, — гэта тое, што вы траціце яе празь незьлічоныя маленькія, нязначныя акты саўдзелу», — сказаў рэжысэр Барэнштэйн, стоячы на сцэне разам з Таланкіным.

«Гэта нерэальна»

Перад цырымоніяй у Лос-Анджэлесе Таланкін сказаў: «Калі б вы сказалі мне два гады таму, што ўсё будзе так, я б засьмяяўся вам у вочы».

«Гэта нерэальна — такіх рэчаў проста не бывае».

Таланкін уцёк з Расеі летам 2024 году зь цьвёрдымі дыскамі, на якіх і былі відэазапісы, што пазьней увайшлі ў дакумэнтальны фільм.

Таланкін пазнаёміўся з Барэнштэйнам у інтэрнэце, сказаў ён CBS, і здымаў два гады, пакуль Барэнштэйн дыстанцыйна, з Эўропы, рэжысаваў фільм .

Сёлета ў лютым фільм атрымаў прэмію Брытанскай кінаакадэміі ў Лёндане за найлепшы дакумэнтальны фільм.

Іншыя ляўрэаты «Оскара»

Найлепшы мастацкі фільм — стужка «Бітва за бітвай». Гэты ж фільм стаў ляўрэатам у намінацыях за найлепшую рэжысуру, найлепшую мужчынскую ролю другога пляну, найлепшы адаптаваны сцэнар, кастынг, мантаж;

Фільм «Грэшнікі» — у намінацыях за найлепшы арыгінальны сцэнар, за найлепшую мужчынскую ролю;

Фільм «Гамнэт» (гісторыя, што натхніла Шэксьпіра на „Гамлета“) стаў ляўрэатам у намінацыі за найлепшую жаночую ролю;

Фільм «Зброя» — у намінацыі за найлепшую жаночую ролю другога пляну;

Мультфільм «Кейпоп-паляўнічыя на дэманаў» — у намінацыі за найлепшы анімацыйны поўнамэтражны фільм;

Фільм «Сантымэнтальная каштоўнасьць» — у намінацыі за найлепшы фільм на іншаземнай мове.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 сакавіка ў Лос-Анджэлесе ўручаць «Оскары»: хто галоўныя фаварыты

Паводле публікацый Current Time, Reuters і AFP.