Завод, які пасьля ўдару прыпыніў працу, знаходзіцца прыкладна ў 2500 кілямэтрах ад Украіны і да гэтага часу лічыўся недасягальным для дронаў УСУ. Дзякуючы магутнасьці каля 22 млн тон у год, Омскі НПЗ быў адным з ключавых элемэнтаў расейскай сыстэмы вытворчасьці і разьмеркаваньня аўтамабільнага паліва, дызэля і авіяцыйнай газы, пішуць праект Радыё Свабода Сибирь Реалии і тэлеканал Настоящее Время.
Данііл Чабыкін, сузаснавальнік Омскага грамадзянскага абʼяднаньня і былы намесьнік каардынатара омскага штабу Навальнага, у эфіры «Настоящего времени» распавёў, што зараз адбываецца ў Омску пасля ўдару па НПЗ:
фота
«Нафтазавод у Омску — гэта ня толькі буйны працадаўца ў нафтавай сфэры. Ён таксама спансіраваў шматлікіх блогераў, СМІ, і да 6 ліпеня яны распавядалі за грошы гэтага самага нафтазавода, што Омск у бясьпецы, што ніколі дроны да Омска не даляцяць. Хоць тады ў Омску ўжо былі заўважаныя разьведвальныя дроны. Але людзям казалі: «Інаагенты разводзяць паніку, ня трэба іх слухаць, слухайце афіцыйныя крыніцы». «І таму для большасьці амічоў гэта (налёт дронаў УСУ на завод) зьявілася вялікім-вялікім шокам — таму што ім расказвалі з усіх афіцыйных, праўладных крыніц, што ўсё добра», — падкрэсьлівае былы паплечнік Навальнага.
Your browser doesn’t support HTML5
Что происходит в Омске после украинской атаки на НПЗ?
Многія людзі адпачывалі на рацэ Іртыш, а нафтазавод як раз выходзіць на бераг Іртыша.
«Нафтазавод бачны з любога пункту гораду, таму што Омск — досыць плоскі горад. І, вядома ж, здарыўся абсалютны шок практычна ва ўсіх. Мы фіксуем велізарную колькасьць цікавасьці да незалежных рэсурсаў. Гэта вельмі моцна ўдарыла па даверы да ўлады. І людзі ўсьвядомілі, што тая карцінка, якой іх кармілі, — гэта фэйк», — заўважае былы жыхар гораду.
Першыя выбухі ў прамзоне Савецкай акругі Омска прагучалі 6 ліпеня каля 15:15 па мясцовым часе на вуліцах Докаўская і Камбінацкая, дзе разьмешчаны асноўныя тэхналягічныя магутнасьці Омскага НПЗ.
Аднак афіцыйныя каналы і экстраныя службы горада ўключылі рэжым апавяшчэньня зь вялізным спазьненьнем.
«Так грымнула, што я думала, абваліцца шкло на бальконе. Мы спачатку з сынам заселі ў дзьвярным праёме, але выбухі не спыняліся. Усё працягвалася больш за гадзіну, — распавяла Алена, жыхарка Омска.— Самы жах у тым, што ты бачыш за акном адзін чорны слуп дыму, але абсалютна не разумееш, што адбываецца Апавяшчальнікі маўчаць!»
Праз некалькі гадзін пасьля ўдару жыхары сутыкнуліся з новай праблемай: з гарадзкіх чатаў пачалі зьнікаць відэазапісы атакі, а іх аўтарам, паводле суразмоўцаў рэдакцыі, сталі тэлефанаваць людзі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі паліцыі.
«Я зразумеў, што адбываецца, толькі па аматарскіх відэа ў гарадзкіх чатах, — кажа іншы жахыр гораду. — Але праз дзьве-тры гадзіны аўтары пачалі іх рэзка выдаляць. Майму сябру, які выклаў ролік з прылётам, патэлефанавалі на мабільны. Прадставіліся паліцыяй, запатрабавалі неадкладна сьцерці запіс, заявіўшы, што ён раскрывае працу СПА. А гэта адміністратыўка, а то і крыміналка».
Схаваць маштабы аварыі на аб’екце, які забясьпечвае палівам палову Сібіры, было немагчыма: наступствы ўдару амічы адчулі на сабе ў той жа вечар.
«Полымя бушавала прама ў раёне прампляцоўкі. Стала зразумела, што тэхналягічны цыкль на заводзе спынены, таму што ў горадзе фактычна спыніліся продажы бэнзіну», — расказаў мясцовы жыхар.
Днём 7 ліпеня выявілася, што пасьля атакі на 53 запраўках АЗС «Топлайн» спынены продаж паліва фізычным асобам. Купіць бэнзін на запраўках сеткі могуць толькі трымальнікі паліўных картак.
Паводле зьвестак украінскага праекту Dnepr Osint, удар па НПЗ у Омску нанесьлі мадэрнізаваныя дальнабойныя бесьпілётнікі FP-1. Яны ўразілі ўстаноўку ЭЛОУ-АВТ-11 — адзін з ключавых элемэнтаў тэхналягічнага ланцужка заводу. Незалежнага пацьверджаньня характару пашкоджаньняў на момант публікацыі не было.
Цяпер у Расеі застаўся ўсяго адзін буйны завод, які не падвяргаўся нападам бесьпілётнікаў — Ангарская нафтахімічная кампанія ў Іркуцкай вобласьці. Фактычна ўся ключавая перапрацоўка краіны апынулася ў зоне прамога паражэньня.
Па словах спэцыяліста па нафтахіміі Алега Курагіна, значэньне Омскага НПЗ вызначаецца не толькі аб’ёмамі перапрацоўкі.
«На яго пляцоўцы разьмешчана вытворчасьць каталізатараў каталітычнага крэкінгу — найважнейшых матэрыялаў для выпуску высокаактанавых бэнзінаў і іншых сьветлых нафтапрадуктаў. Калі пашкодзілі менавіта гэтую вытворчасьць, наступствы могуць закрануць ня толькі Омскі НПЗ, але і іншыя прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць такую прадукцыю, у тым ліку шэраг НПЗ, у прыватнасьці, Маскоўскі і Яраслаўскі. Калі гэта так, то гэта мінус 15 тысяч тон каталізатараў за год».
У той жа дзень, калі быў атакаваны Омскі НПЗ, украінскія бесьпілётнікі ўпершыню дасягнулі Новасібірскай вобласьці — рэгіёна, разьмешчанага прыкладна ў чатырох тысячах кілямэтраў ад украінскай мяжы. Як адзначала выданьне «Агенство», пасьля гэтых атак у зоне дасяжнасьці ўкраінскіх дальнабойных бесьпілётнікаў выявілася каля 85% расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцей.