Журналіст і франтавы карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода Мар’ян Кушнір выратаваў 4-гадовую дзяўчынку.
Ён вынес яе на руках з жылога дому ў Белагародцы пад Кіевам, у які ў ноч на 28 студзеня трапіў расейскі бесьпілётнік, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Маці дзяўчынкі і мужчына, зь якім яна жыла, загінулі. Дзіця ў бясьпецы, яго забралі бацька і старэйшы брат.
Пажар у доме ў Кіеўскай вобласьці, выкліканы ўдарам расейскага дрону. 28 студзеня 2026 году
«Я быў дома, пачуў выбух. Бесьпілётнік урэзаўся ў дах нашага дому, у верхнюю двухпавярховую кватэру. Я ўбачыў пажар, схапіў свой рэдакцыйны тактычны заплечнік і пабег наверх, каб знайсьці месца выбуху. Убачыў прачыненыя дзьверы ў тым месцы, дзе адбыўся ўдар. Адчыніў іх і ўбачыў дзіця, якое ляжала на канапе, загорнутае ў коўдру, плакала, крычала, клікала маці. Я бачыў, як агонь распаўсюджваецца зьверху. Зразумеў, што бацькі, хутчэй за ўсё, сьпяць на другім паверсе. Я пабег, каб зьняць дзіця з канапы, вынес яго з кватэры, аддаў аднаму з суседзяў і забег назад, унутр. Падумаў, што, магчыма, там яшчэ будуць жывыя людзі. Але агонь ужо вельмі моцна распаўсюдзіўся. З таго, што я пазьней даведаўся, бесьпілётнік так ударыў гэтых двух чалавек — мужчыну і жанчыну — што іх зьбіла з ног, і яны там загінулі», — расказаў Мар’ян Кушнір.
«Дзяўчынка, калі я яе вывеў, пачала моцна плакаць, а потым яе моцна трэсла, абняла мяне. І тады мне было вельмі балюча. За 10 гадоў вайны ў мяне ніколі не было такіх пачуцьцяў, калі, трымаючы на руках чатырохгадовае дзіця, якое плакала, я разумею, што яе маці памерла», — дадаў журналіст.
Рэшткі расейскага дрону
Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Мікалай Калашнік паведаміў пра наступствы расейскага нападу на грамаду Белагародка Кіеўскай вобласьці ў ноч на 28 студзеня.
Паводле яго, загарэўся дах і верхні паверх шматпавярховага жылога дому, у выніку чаго загінулі двое жыхароў дому — жанчына і мужчына. Яшчэ чатыром пацярпелым была аказана мэдычная дапамога на месцы.
- Мар’ян Кушнір працуе на Радыё Свабода з 2015 году, асьвятляў падзеі Рэвалюцыі Годнасьці, а затым расейска-ўкраінскай вайны ў якасьці франтавога карэспандэнта.
- У сакавіку 2022 году ён атрымаў страсеньне мозгу пры здыманьні штурмавых апэрацыяў адбіцьця расейскага наступу ў Кіеўскай вобласьці. Цягам усіх гадоў вайны, спачатку гібрыднай, а потым і поўнамаштабнай, ён дакумэнтаваў баявыя дзеяньні ўва ўсіх гарачых месцах — у Кіеўскай, Харкаўскай, Данецкай вобласьцях, у Запарожжы, у Херсонскай вобласьці.
- Кушнір — ляўрэат журналісцкай прэміі «Гонар прафэсіі» за 2022 і 2024 гады.