Пасланьнік Трампа прызнаў, што галоўная праблема ўрэгуляваньня вайны ва Ўкраіне — статус акупаваных Расеяй тэрыторыяў

Стыў Уіткаф

Стыў Уіткаф заявіў, што канчатковай мэтай цяперашняга этапу перамоваў паміж ЗША, Украінай і Расеяй зьяўляецца дамагчыся 30-дзённага спыненьня ваенных дзеяньняў.

Статус акупаваных Расеяй украінскіх рэгіёнаў зьяўляецца ключавым пытаньнем ва ўрэгуляваньні вайны ва Ўкраіне, заявіў спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Стывен Уіткаф у інтэрвію блогеру Такеру Карлсану.

«Я думаю, што самая вялікая праблема ў гэтым канфлікце — гэта так званыя чатыры рэгіёны: Данбас, Крым, вы ведаеце назвы — Луганск і яшчэ два. Гэта расейскамоўныя рэгіёны, там праводзіліся рэфэрэндумы, на якіх пераважная большасьць людзей выказала жаданьне быць пад кантролем Расеі. Я думаю, што гэта ключавое пытаньне ў канфлікце», — сказаў Уіткаф, якога цытуе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле яго слоў, гэтыя тэрыторыі дэ-факта знаходзяцца пад кантролем Расеі, і галоўная дыскусія ў тым, ці прызнае іх сьвет расейскімі. Украіна і краіны Захаду не прызналі маніпулятыўныя рэфэрэндумы на акупаваных Расеяй тэрыторыях.

«Гэта слон у пакоі. Гэта канстытуцыйныя пытаньні ўнутры Ўкраіны аб тым, што яны могуць саступіць, калі справа даходзіць да адмовы ад тэрыторый. Расейцы дэ-факта кантралююць гэтыя тэрыторыі. Пытаньне ў тым, ці прызнае сьвет, што гэта расейскія тэрыторыі? Ці зможа Зяленскі выжыць палітычна, калі прызнае гэта? Гэта цэнтральнае пытаньне канфлікту. Безумоўна», — лічыць ён.

У верасьні 2022 года Расея правяла так званыя рэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны. Яны праходзілі пад кантролем расейскіх войскаў, без міжнароднага кантролю і са шматлікімі паведамленьнямі аб прымусе і фальсыфікацыях. Міжнародная супольнасьць, у тым ліку ААН і ЭЗ, прызнала гэтыя «рэфэрэндумы» незаконнымі і такімі якія не маюць юрыдычнай сілы.

У 2014 годзе Расея арганізавала рэфэрэндумы ў Крыме і на частцы Данбасу. Іх вынікі таксама не прызнаныя Ўкраінай і міжнароднай супольнасьцю.

Уіткаф таксама заявіў, што канчатковай мэтай цяперашняга этапу перамоваў паміж ЗША, Украінай і Расеяй зьяўляецца дасягненьне 30-дзённага спыненьня ваенных дзеяньняў. Паводле Ўіткафа, у гэты пэрыяд бакі плянуюць абмеркаваць умовы поўнага спыненьня вайны.

Уіткаф, які сустракаўся з Пуціным у Маскве, дадаў, што настроены аптымістычна і лічыць, што ЗША здольныя паспрыяць прымірэньню бакоў.

Прэзыдэнт Ўкраіны Зяленскі раней расказаў аб прынцыпах мірнага пляну, які прадставяць партнэрам у ЗША: «Украіна не прызнае акупацыю Расеяй тэрыторый».

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ў панядзелак, 24 сакавіка, у Саудаўскай Арабіі адбудзецца сустрэча дэлегацый Украіны і ЗША. Паводле яго слоў, гэтая сустрэча будзе прысьвечаная абмеркаваньню тэхнічных аспэктаў частковага спыненьня агню, у прыватнасьці, што тычыцца інфраструктуры, энэргетычнай і навігацыйнай бясьпекі.

Таксама вядома, што на 24 сакавіка ў Эр-Рыядзе заплянаваныя перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і ЗША. Пра гэта паведаміў памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў.

18 сакавіка лідэры ЗША і Расеі Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін правялі амаль двухгадзінныя тэлефонныя перамовы. Паводле Белага дома, бакі дамовіліся, што рух да міру пачнецца з «энэргетычнага і інфраструктурнага спыненьня агню, а таксама тэхнічных перамоваў аб выкананьні ваенна-марскога перамірʼя ў Чорным моры, поўнага спыненьня агню і ўсталяваньня пастаяннага міру».

На наступны дзень адбылася размова Трампа з Зяленскім. Пасьля перамоваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Вашынгтон абвясьціў аб сумесных намаганьнях па спыненьні вайны і дасягненьні міру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп паведаміў пра абмеркаваньне мірнай дамовы па Ўкраіне, якая ўключае «падзел тэрыторый»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.