Стала вядома, каго ўзнагародзіла Ціханоўская падчас візыту ў Кіеў: усяго 24 асобы

Сьвятлана Ціханоўская ў Кіеве, 26 траўня 2026.

Узнагародамі Аб’яднагага пераходнага кабінэту ўганараваныя беларускія добраахвотнікі, якія ваююць за Ўкраіну, валянтэры, журналісты, дзеячы культуры, дэпутаты Вярхоўнай Рады.

Абʼяднаны пераходны кабінэт (АПК) паведаміў 27 траўня аб узнагароджаньні ў Кіеве 24 «выбітных асоб». Узнагароды на цырымоніі ў Кіеве ўручыла кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская.

Мэдалём «Гонар і Годнасьць» удастоеныя беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне і валянтэры групы забесьпячэньня з пазыўнымі «Немец», «Шміт», «Бланш», «Соня», «Север», «Ляснік», «Марцін», «Аксон», «Гамлет», «Кіпіш», а таксама Дзяніс Герасімчык.

Мэдалём Францішка Скарыны ўзнагароджана опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, якая падтрымала пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, а цяпер пражывае ва Ўкраіне.

Мэдалём «За плённую працу на карысьць Беларусі» адзначаны ўкраінскі юрыст і адвакат, дэпутат, адзін з ініцыятараў стварэньня групы ў Вярхоўнай Радзе «За дэмакратычную Беларусь» Вадзім Галайчук; дэпутат Рады 8-га і 9-га скліканьняў, таксама ініцыятар стварэньня групы «За дэмакратычную Беларусь» Ігар Гузь; доктар юрыдычных навук, прафэсар, судзьдзя Канстытуцыйнага суду Ўкраіны Юрый Барабаш; украінскі паэт, празаік, перакладнік, крытык, літаратуразнавец Вячаслаў Лявіцкі; беларускі паэт, празаік, перакладнік, добраахвотнік УСУ Сяргей Прылуцкі; журналіст «Украінскага радыё», былы палітвязень у Беларусі Павал Шаройка; рэдактары «Эўрапейскай праўды» Юры Панчанка і Сяргей Сідарэнка; украінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOFF) і ўкраінскія журналісты Ірына Узлова, Яўгенія Кутнава і Аляксей Гоман.

Таксама мэдалі ўручылі дыплямату Ігару Кізіму, вайсковаму капэляну Яўгену Орду, вайсковаму і грамадзкаму дзеячу Сяргею Багукальцу і аналітыку Яўгену Магду, якія былі ўзнагароджаны пастановай АПК ад 21 сакавіка 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Кіеве сустрэлася зь Зяленскім і заявіла, што перамога Ўкраіны адкрые шлях да вольнай Беларусі

Што папярэднічала

Сьвятлана Ціханоўская 26 траўня ў Кіеве сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

У складзе беларускай дэлегацыі ў сустрэчы ўдзельнічалі намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка і дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі.

Урачыстая цырымонія адкрыцьця Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў ва Ўкраіне прайшла 26 траўня з удзелам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай і іншых прадстаўнікоў АПК, офісу Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады.

Пра падрыхтоўку візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну загаварылі пасьля яе сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільні. Тады прэзыдэнт Украіны запрасіў яе ў Кіеў. Была інфармацыя, што паездка можа адбыцца на Дзень волі, 25 сакавіка, аднак тады візыт перанесьлі.

Падрыхтоўка да візыту Ціханоўскай у Кіеў вялася з пачатку вясны.

Раней у інтэрвію Свабодзе Сьвятлана Ціханоўская назвала свой візыт ва Ўкраіну «гістарычным» і падзякавала Ўкраіне за трансфармацыю яе стаўленьня да дэмакратычных сілаў Беларусі. Яна анансавала сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны, сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і наведваньне пахаваньняў беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Кіеве: Украіна пачала новую гульню вакол Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Кіеве ўручыла мэдалі беларускім добраахвотнікам і адкрыла Місію беларускіх дэмакратычных сілаў