«З нас хопіць». Зяленскі заявіў аб аднаўленьні ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Эндзі Бэрнэм. Лёндан, 14 кастрычніка 2026

Уладзімір Зяленскі заявіў аб аднаўленьні ўдараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Тым часам у Міністэрстве абароны Ўкраіны паведамілі, што апэрацыі Starlink падчас пускаў украінснкх дронаў аднавіліся.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб аднаўленьні ўдараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Аб гэтым ён сказаў у інтэрвію Financial Times падчас візыту ў Лёндан.

«Забарона [на ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах] зьнятая. З нас хопіць», — заявіў Зяленскі.

Украіна, паводле яго слоў, прыпыніла ўдары па нафтавых аб’ектах Расеі для таго, каб выканаць патрабаваньне Злучаных Штатаў, у той час як Масква «працягнула абстрэльваць украінскую энэргетычную інфраструктуру і забіваць мірных жыхароў». Як паведаміў Зяленскі, за апошні тыдзень ва Ўкраіне загінулі больш за 100 чалавек.

Адначасова віцэ-прэмʼер Расеі Аляксандар Новак абвінаваціў Украіну ў невыкананьні энэргетычнага перамірʼя і ўдарах па НПЗ у Саратаўскай і Разанскай вобласьцях. Пры гэтым экспэрты кажуць, што ў тыя дні УСУ білі не па НПЗ, а па дата-цэнтрах.

Дарадца Зяленскага Дзьмітры Літвін таксама заявіў:

«Дата-цэнтр атакавалі, і пасьпяхова. Яшчэ сёе-тое атакавалі, а НПЗ — не».

Нягледзячы на тое, што Ўкраіна ня біла па расейскіх НПЗ, як заявіў Зяленскі, украінскія войскі заставаліся без амэрыканскіх сыстэм раньняга папярэджаньня аб надыходзячых балістычных ракетах, а праца Starlink замарудзілася па ўсёй краіне, што ўскладніла апэрацыі на перадавой і ўдары сярэдняй далёкасьці па расейскіх ваенных абʼектах.

Зяленскі паведаміў, што амэрыканскі бок раней папярэдзіў украінскіх ваенных чыноўнікаў аб тым, што перастане дзяліцца выведнымі дадзенымі, хоць потым, паводле яго слоў, гэта было прадстаўлена Кіеву як тэхнічная непаладка. А збоі ў працы спадарожнікавай сыстэмы Starlink, як адзначыў ён, былі не тэхнічнай праблемай, а «жаданьнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая Брытанія вылучыць сродкі на рамонт пашкоджанага расейскім дронам саркафагу над Чарнобыльскай АЭС

Што папярэднічала

Адносіны паміж Вашынгтонам і Кіевам зноў абвастрыліся пасьля таго, як ЗША заключылі «дызэльную ўгоду» з Крамлём, якую ў Маскве ўспрынялі як сваю перамогу: абвешчана аб ёй было падчас візыту дэлегацыі Украіны ў ЗША.

Адначасова з гэтым прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што Ўкраіне «патрэбен новы прэзыдэнт».

11 кастрычніка Трамп у сацсетцы Truth Social абʼявіў аб «энэргетычным перамірʼі» паміж Украінай і Расіяй. Зяленскі пасьля гэтага даў зразумець, што нічога ня ведае пра яго, але пасьля пагадзіўся ня біць па нафтавых абʼектах Расеі. У Крамлі таксама не пацьвярджалі дасягненьне пагадненьня аб «энэргетычным перамірʼі», указаўшы, што перамовы працягваюцца, а 14 кастрычніка Расея ўдарыла па трох ЦЭЦ у Кіеве і вобласьці, у выніку чаго частка ўкраінскай сталіцы засталася без сьвятла.

Міністэрства абароны Ўкраіны: апэрацыі Starlink аднавіліся

Апэрацыі Starshield аднавіліся і працягваюцца, паведамілі Радыё Свабода крыніцы ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Паводле іх зьвестак, гэта пацьвярджаецца паведамленьнямі з вайсковых частак.

Міністэрства абароны Ўкраіны працягвае расьсьледаваць прычыны і абставіны ўчорашніх абмежаваньняў. 14 кастрычніка крыніцы Радыё Свабода паведамілі, што Міністэрства абароны Ўкраіны падтрымлівае сувязь з ЗША, SpaceX і партнэрамі па NATO адносна абмежаваньняў на апэрацыі Starlink у руху. Паведамлялася, што тэрміналы Starshield «ваеннага пакета» губляюць сувязь, калі хуткасьць перавышае парог — у розных частках гэта адбываецца пры хуткасьцях ад 72 да 161 км/г.

Пазьней генэральны дырэктар SpaceX Ілон Маск заявіў у сацыяльнай сетцы X, што хуткасьць і абмежаваньні на выкарыстаньне Starshield вызначаюцца амэрыканскімі вайскоўцамі, а канчатковае рашэньне прымае прэзыдэнт ЗША.

У адказ на заяву былога міністра абароны Ўкраіны Міхаіла Фёдарава ён адзначыў, што сыстэмы Starshield належаць ураду ЗША. А Starlink — гэта камэрцыйная паслуга SpaceX, якая «не можа выкарыстоўвацца для наступальных ваенных дзеяньняў».

Як паведамляў Axois, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША заявіла, што не мае ніякага дачыненьня да абмежаваньняў на працу тэрміналаў Starlink ва Ўкраіне.

Украіне неабходна аднавіць неабмежаваную хуткасьць Starlink або хаця б павялічыць ліміт да 450 км/г, паведамілі крыніцы Радыё Свабода. Паводле крыніц Радыё Свабода, цяперашняга ліміту ў 160 км/г недастаткова для супрацьдзеяньня рэактыўным бесьпілётнікам тыпу Shahed. Кантракт на паслугу дзейнічае да красавіка 2027 года, а аплачвае яе Нямеччына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праца Starlink для ўкраінскіх вайскоўцаў пачала аднаўляцца

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі назваў умову спыненьня ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія сілы пасьля некалькіх атак Расеі адказалі ўдарам па data-цэнтрах: пацярпела кампанія Yandex