Як адзначаецца на сайце брытанскага ўраду, такім чынам Вялікая Брытанія далучылася да партнэраў па G7 у фінансаваньні міжнароднага праекту падтрымкі ядзернай бясьпекі Ўкраіны ва ўмовах расейскай агрэсіі.
Міжнародны праект каардынуе Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў супрацы з урадам Украіны і донарамі з краін G7.
«Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на важныя рамонтныя работы для аднаўленьня гермэтычнасьці і сыстэмаў вэнтыляцыі збудаваньня, а таксама для забесьпячэньня эксплюатацыйнага тэрміну яго службы. Без рамонту карозія можа зьвесьці да нуля дзесяцігодзьдзі міжнародных інвэстыцыяў і стварыць доўгатэрміновыя рызыкі для навакольля і бясьпекі», — адзначаецца ў паведамленьні ўраду Вялікай Брытаніі.
«Пакуль працягваецца поўнамаштабнае ўварваньне Пуціна ва Ўкраіну, наша падтрымка ўкраінскага народу застаецца непахіснай. Мы перакрываем фінансавыя патокі, так неабходныя Пуціну для вядзеньня вайны, і падтрымліваем аднаўленьне Ўкраіны, якая пацярпела ад яго барбарскіх атак», — заявіў міністар фінансаў Джон Гілі.
Урад Вялікай Брытаніі з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі вылучыў для Ўкраіны амаль 25 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў, у тым ліку больш за 770 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў — на энэргетычную сфэру.
Што папярэднічала
14 лютага 2025 году расейскі дрон улучыў у саркафаг, створаны пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці над чацьвёртым аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.
У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня паведамілі, што ў часе агляду арачнага саркафагу зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцый гаражу, а плошча скразнога пашкоджаньня склала да 15 квадратных мэтраў. Пажар, які пачаўся пасьля ўлучэньня дрону, змаглі патушыць толькі на 12-ы дзень.
Сёлета ў пачатку чэрвеня расейскія войскі пацэлілі дронам «Герань-2» у сховішча зь ядзерным палівам паблізу Чарнобыльскай АЭС. Ад вялікіх наступстваў уратавала толькі тое, што на момант атакі адпрацаванае ядзернае паліва захоўвалася ў кантэйнэрах за некалькі сотняў мэтраў ад пашкоджанага памяшканьня, а іншыя кантэйнэры, бліжэйшыя, былі парожнімі.
Часовую павець над аварыйным блёкам пабудавалі яшчэ ў 1986 годзе. З 2007 году пры ўдзеле замежных донараў пачалі ўзводзіць новы саркафаг. Яго ўвялі ў дзеяньне ў 2019 годзе, разьлічваючы, што яго можна будзе эксплюатаваць ад 70 да 100 гадоў.
Форум