Зяленскі сабраў лідэраў суседніх краін у рамках новага фармату партнэрства — «Карпацкай васьмёркі»

Саміт «Карпацкай васьмёркі». 18 верасьня 2026

Паводле слоў Зяленскага, у новы фармат уваходзяць Украіна, Румынія, Сэрбія, Польшча, Славаччына, Чэхія, Аўстрыя, Вугоршчына і Эўразьвяз.

18 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў пра запуск новага фармату партнэрства — C8, або «Карпацкай васьмёркі», — і пра правядзеньне яе першага саміту ў Прыкарпацьці.

«Сёньня ўпершыню тут, ва Ўкраіне — у нашай частцы Карпат, — мы праводзім саміт, які аб’ядноўвае ўсе карпацкія дзяржавы, рэгіёны і супольнасьці нашых краін. Мы запускаем новы фармат C8 — „Карпацкую васьмёрку“, — які яднае нас і нашых суседзяў у Эўропе», — напісаў Зяленскі ў Telegram.

Ён дадаў, што гэта «сурʼёзны пачатак» ініцыятывы, закліканай «яшчэ больш зблізіць нашы краіны і стварыць яшчэ адзін моцны элемэнт супрацоўніцтва на ўзроўні ЭЗ, які ахоплівае бясьпеку, энэргетыку, значнае пашырэньне лягістыкі і трансмежнага эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама істотную падтрымку нашых супольнасьцей».

Саміт праходзіць з 18 па 20 верасьня ў Букавелі (Івана-Франкоўская вобласьць). Лідэры краін-удзельніц раней паведамілі пра свой прыезд ва Ўкраіну для ўдзелу ў саміце, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Наперадзе ў нас усіх — цяжкія тыдні і месяцы. Сёньня ва Ўкраіне мы дэманструем сваю салідарнасьць»,— заявіў сярод іншага прэм’ер Польшчы Дональд Туск.

Ва Ўкраіну прыбылі апрача яго прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч і прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан. У саміце таксама прымаюць удзел прадстаўнікі ЭЗ.

Што папярэднічала

У ноч на 13 верасьня расейскія войскі атакавалі абʼекты каля польска-ўкраінскай мяжы. Удары прыпалі, у прыватнасьці, па АЗС недалёка ад пункта пропуску «Ягадзін» і па пасажырскім цягніку на лініі Кіеў — Варшава. Пасьля гэтага Дональд Туск заявіў, што эскаляцыя з боку Расеі становіцца фактам, а яе праявы адбываюцца ўсё бліжэй да польскай мяжы.

Расея плянуе нанесьці «гібрыдныя» ўдары з выкарыстаньнем ракет і бесьпілётнікаў па краінах, якія падтрымліваюць Украіну, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка паведаміў, што з канца мінулага тыдня Ўкраіна фіксуе актыўную працу рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі, якія ўзмацняюць сыгнал для расейскіх бесьпілётнікаў, якія атакуюць Украіну.

Расея апошнім часам узмацніла ўдары на цывільныя аб’екты Ўкраіны, у тым ліку ў заходніх абласьцях.

Акрамя таго, за апошнія месяцы бесьпілётнікі неаднаразова заляталі ў паветраную прастору краін Балтыі. У ноч на 15 верасьня зьнішчальнікі NATO ўпершыню зьбілі бесьпілётнік над Літвой, які прыляцеў празь Беларусь. Пазьней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што гэта была расейская «Гербера», якая, хутчэй за ўсё, накіроўвалася ў бок Украіны, але адхілілася ад курсу. Менск на паведаміў аб гэтым бесьпілётніку Вільню і Літва з гэтай нагоды выказала Беларусі пратэст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэм’ер Польшчы Туск заявіў аб рызыцы расейскіх «гібрыдных» удараў па краінах NATO