Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Мазырскага НПЗ і нафтагандлёвай кампаніі, зьвязанай зь Беларусьсю

Афіцыйны часопіс Эўразьвязу апублікаваў рашэньне аб 21-м пакеце санкцыяў супраць Расеі і Беларусі за іх несправакаваную агрэсію супраць Украіны.

Рада Эўрапейскага Зьвязу наклала санкцыі на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і Эўрапейскую трэйдынгавую кампанію (ЭТК), сьведчаць дакумэнты, апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе ЭЗ, піша Позірк.

У рашэньні Рады ЭЗ 2026/1816 ад 23 ліпеня 2026 году адзначаецца, што Мазырскі НПЗ уваходзіць у канцэрн «Белнафтахім» і «амаль цалкам належыць дзяржаве і кампаніі „Слаўнафта“». Завод «мае стратэгічнае значэньне для эканомікі і рэжыму» Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ёсьць суўладальнікам «Беларускай нафтавай кампаніі» (БНК). Прадпрыемства «падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае ад яго выгаду».

Зарэгістраваная ў расейскім Смаленску ЭТК, згодна з дакумэнтам, ёсьць даччынай кампаніяй падкантрольнай дзяржаве БНК. Яна створана для продажу нафтапрадуктаў заводу «Нафтан» (Наваполацак) і Мазырскага НПЗ. Такім чынам, «ЭТК зьвязаная з арганізацыямі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі».

ЭЗ таксама дапоўніў пералік юрыдычных асобаў, якім нельга пастаўляць тэхналёгіі, чатырма суб’ектамі: ТАА «ЧЫП І ДЫП» (прадавец электронікі і кампанэнтаў), ААТ «Рагачоўскі завод „Дыяпраектар“» (вытворца аптычных прыладаў), ААТ «Канструктарскае бюро „Дысплэй“» (распрацоўнік манітораў для працы ў асаблівых умовах), ЗАТ «Завод карпусных вырабаў» (афіцыйна — вытворца вырабаў парашковай мэталюргіі, паводле неафіцыйных зьвестак — артылерыйскіх і рэактыўных снарадаў).

Акрамя таго, адпаведна рашэньню Рады ЭЗ 2026/1847 пашыраны сьпіс тавараў, якія «могуць спрыяць вайсковаму і тэхналягічнаму ўдасканаленьню Беларусі або разьвіцьцю яе сэктару абароны і бясьпекі», а значыць забароненыя для экспарту. Ідзецца пра мэталы (нікелевыя парашкі, нікель і яго сплавы, што выкарыстоўваюцца для антыкаразійных пакрыцьцяў рэактыўных рухавікоў; бэрыліевыя парашкі — для ракетнага паліва і высокатрывалых сплаваў); кампанэнты для абароннай і аэракасьмічнай галін (самаклейныя балоны, стужкі і палосы); абсталяваньне для дронаў (наземнае абсталяваньне, сыстэмы глушэньня і пераняцьця, пускавыя сыстэмы, сэрваматоры, сыстэмы перапыненьня палёту для дронаў і ракет).

Забараняецца імпарт зь Беларусі тавараў, якія дазваляюць ёй «дывэрсыфікаваць даходы і тым самым падтрымліваць удзел у агрэсіі супраць Украіны». Абмежаваньні тычацца рудаў і мэталаў (медныя, нікелевыя, алавяныя руды і руды каштоўных мэталаў, неапрацаваны цынк, лужназямельныя мэталы); хімікатаў і прамысловай прадукцыі (аксыды цынку і хрому, талавая аліва); іншых тавараў (вырабы з шкла і запасныя часткі для аўтамабіляў).

Пра новыя санкцыі раней заявіла прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен:

«У той час, калі Ўкраіна набірае ваенную дынаміку, нашыя санкцыі працягваюць аслабляць эканамічны грунт ваенных захадаў Расеі. Мы дадаем яшчэ 32 расейскія банкі ў наш сьпіс забароненых трансакцыяў, а таксама крыптафірмы і плятформы для гандлю нафтай. Замарожваем максымальныя цэны нафты на год, каб расейская ваенная машына ня мела выгады ад рынкавых узрушэньняў. Упершыню мы нацэльваемся на караблі, якія дапамагаюць ценеваму флёту Расеі. І мы зрабілі важны крок да афіцыйнай забароны ўезду расейскіх вайскоўцаў у ЭЗ».

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас паведаміла, што гэта найбуйнейшы пакет эўрапейскіх санкцыяў за чатыры гады, агулам у сьпісе 218 пунктаў:

«Мы закранулі больш за сотню банкаў і крыптаапэратараў, больш за 40 караблёў ценевага флёту і нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі і Беларусі, якія дапамагаюць Маскве працягваць вайну».

Санкцыі супраць Расеі

У ЭЗ, сярод іншага, пагадзіліся працягнуць на 12 месяцаў цяперашні максымум цаны на расейскую нафту. Мэта — пазбавіць Расею значных даходаў ад здабычы нафты пры нестабільнасьці цэнаў на рынку энэрганосьбітаў.

У пакеце больш асобных сьпісаў, чым было ў кожным з пакетаў санкцыяў за апошнія чатыры гады. Ён уключае шырокія абмежаваньні і забароны трансакцыяў, накіраваныя супраць расейскага фінансавага сэктару, а таксама новыя захады супраць крыптавалютаў. Таксама ўзгоднены дадатковы сьпіс караблёў так званага «ценевага флёту».

Пакет абавязвае абмежаваць выдачу візаў былым расейскім удзельнікам вайны супраць Украіны. Ён таксама ўключае новыя гандлёвыя абмежаваньні, скіраваныя на ваенную прамысловасьць Расеі.

21-ы пакет санкцыяў таксама ўключае абмежаваньні супраць расейскіх банкаў, крыптавалютных структураў і прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу, а таксама мэханізм далейшага зьніжэньня максымуму цэнаў расейскай нафты.

Санкцыі, накладзеныя на Беларусь

Адна з мэтаў новага пакету — прадубляваць пэўныя абмежаваньні супраць Расеі ў сьпіс абмежаваньняў для Беларусі, у прыватнасьці, у гандлі і юрыдычнай дапамозе.

Прадстаўнік ЭЗ тады раней паведаміў Радыё Свабода іншыя дэталі прапанаваных санкцыяў для Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны:

  • забарона трансакцыяў у крыптавалюце для 11 крыптаплятформаў і фірмаў (у тым ліку ў Беларусі) за дапамогу Расеі ў абыходзе санкцыяў;
  • далучэньне да санкцыйнага сьпісу новых беларускіх кампаніяў за дапамогу расейскай вайсковай прамысловасьці;
  • пашырэньне забароны беларускім грамадзянам на валоданьне актывамі, кантроль ці ўдзел у радзе якой-хаця кампаніі, якая аказвае паслугі на рынку крыптавалютаў і рэгулюецца MiCA — рэглямэнтам ЭЗ аб рынках крыптаактываў;
  • абарона юрыдычных асобаў ад судовых пазоваў па-за межамі Эўразьвязу ў сувязі з выкананьнем санкцыйных патрабаваньняў.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Эўрапейскім Зьвязе ўзгаднілі 21-ы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі, у які трапілі і НПЗ дзьвюх краін

Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі

2020 год

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.

Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.

2021 год

Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

2022-2025 год

У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.

У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.

Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:

  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
  • 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
  • 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
  • 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
  • 27 сакавіка 2025 году Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
  • 18 ліпеня 2025 году Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў, у тым ліку супраць беларускіх банкаў, кампаніі «Легмаш», і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасьці.

2026 год

  • 23 красавіка Эўрапейскі Зьвяз ухваліў 20-ты пакет санкцыяў супраць Расеі, у які трапіла і Беларусь. На яе распаўсюдзілі забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі. ЭЗ таксама забараніў аказаньне паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі ў дачыненьні да дзяржаўных органаў Беларусі і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя. Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапіў турызм. ЭЗ вырашыў забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.