Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапейскім Зьвязе ўзгаднілі 21-ы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі, у які трапілі і НПЗ дзьвюх краін

Сьцягі Эўразьвязу ў Брусэлі, архіўнае фота
Сьцягі Эўразьвязу ў Брусэлі, архіўнае фота

Камітэт сталых прадстаўнікоў дзяржаваў пры Радзе Эўразьвязу (COREPER) завяршыў узгадненьне 21-га пакету санкцыяў супраць Расеі і Беларусі за іх несправакаваную агрэсію супраць Украіны.

Пра гэта 23 ліпеня паведаміў карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода з спасылкай на службоўца ЭЗ.

Паводле дыпляматычнай крыніцы, перамовы аб гэтым пакеце былі складанымі, але адзінства ЭЗ «удалося захаваць», як і пры зацьвярджэньні папярэдніх 20 пакетаў.

Пазьней гэта пацьвердзіла прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен:

«У той час, калі Ўкраіна набірае ваенную дынаміку, нашыя санкцыі працягваюць аслабляць эканамічны грунт ваенных захадаў Расеі. Мы дадаем яшчэ 32 расейскія банкі ў наш сьпіс забароненых трансакцыяў, а таксама крыптафірмы і плятформы для гандлю нафтай. Замарожваем максымальныя цэны нафты на год, каб расейская ваенная машына ня мела выгады ад рынкавых узрушэньняў. Упершыню мы нацэльваемся на караблі, якія дапамагаюць ценеваму флёту Расеі. І мы зрабілі важны крок да афіцыйнай забароны ўезду расейскіх вайскоўцаў у ЭЗ».

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас паведаміла, што гэта найбуйнейшы пакет эўрапейскіх санкцыяў за чатыры гады, агулам у сьпісе 218 пунктаў:

«Мы закранулі больш за сотню банкаў і крыптаапэратараў, больш за 40 караблёў ценевага флёту і нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі і Беларусі, якія дапамагаюць Маскве працягваць вайну».

Чакаецца, што новы санкцыйны сьпіс зьявіцца 24 ліпеня ў Афіцыйным часопісе Эўразьвязу.

У ЭЗ, сярод іншага, пагадзіліся працягнуць на 12 месяцаў цяперашні максымум цаны на расейскую нафту. Мэта — пазбавіць Расею значных даходаў ад здабычы нафты пры нестабільнасьці цэнаў на рынку энэрганосьбітаў.

У пакеце больш асобных сьпісаў, чым было ў кожным з пакетаў санкцыяў за апошнія чатыры гады. Ён уключае шырокія абмежаваньні і забароны трансакцыяў, накіраваныя супраць расейскага фінансавага сэктару, а таксама новыя захады супраць крыптавалютаў. Таксама ўзгоднены дадатковы сьпіс караблёў так званага «ценевага флёту».

Пакет абавязвае абмежаваць выдачу візаў былым расейскім удзельнікам вайны супраць Украіны. Ён таксама ўключае новыя гандлёвыя абмежаваньні, скіраваныя на ваенную прамысловасьць Расеі.

Хто выступаў супраць 21-га пакету

Раней Грэцыя выступіла супраць прыняцьця 21-га пакету санкцый ЭЗ, які прадугледжвае забарону транспартаваць расейскі звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) у трэція краіны, пра што паведаміла Financial Times з спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў.

Паводле выданьня, Атэны спрабуюць абараніць інтарэсы навігацыйнай кампаніі Dynagas, якой валодае грэцкі мільярдэр Георге Пракопію. Крыніцы FT сьцьвярджаюць, што грэцкі амбасадар наўпрост заявіў калегам у ЭЗ, што забарона перавозіць расейскі ЗПГ фактычна «загубіць» кампанію.

Dynagas эксплюатуе 27 газавозаў, у тым ліку каля траціны ўсясьветнага флёту лядовых танкераў клясы Arc7, спэцыяльна пабудаваных для працы ў Арктыцы, для расейскага заводу «Ямал СПГ». Паводле падлікаў FT, з пачатку 2025 году кампанія перавезла больш за 10 млн тон расейскага ЗПГ, выканаўшы 144 рэйсы на 11 караблях.

Грэцыя сьцьвярджае, што караблі клясы Arc7 практычна немагчыма выкарыстоўваць на іншых маршрутах. У выпадку забароны кампаніі, магчыма, давялося б прадаць іх пакупнікам з краін, якія не далучыліся да заходніх санкцыяў. Цана кожнага такога газавоза складае каля 300 млн даляраў.

21-ы пакет санкцыяў таксама ўключае абмежаваньні супраць расейскіх банкаў, крыптавалютных структураў і прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу, а таксама мэханізм далейшага зьніжэньня максымуму цэнаў расейскай нафты.

Санкцыі супраць Беларусі ў 21-м пакеце

Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, якая 9 чэрвеня прэзэнтавала пачатковы праект 21-га пакету санкцыяў, згадала прапанову зраўняць гандлёвыя абмежаваньні для Беларусі зь мерамі супраць Расеі, каб не дапускаць абыходу санкцыяў.

«Мы ўзгадняем гандлёвыя абмежаваньні для Беларусі, каб яна не магла служыць шчылінай для расейскага гандлю», — цытавала DW кіраўніцу Эўракамісіі.

Адна з мэтаў — прадубляваць пэўныя абмежаваньні супраць Расеі ў сьпіс абмежаваньняў для Беларусі, у прыватнасьці, у гандлі і юрыдычнай дапамозе.

Прадстаўнік ЭЗ тады таксама паведаміў Радыё Свабода пэўныя іншыя дэталі прапанаваных санкцыяў для Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны:

  • забарона трансакцыяў у крыптавалюце для 11 крыптаплятформаў і фірмаў (у тым ліку ў Беларусі) за дапамогу Расеі ў абыходзе санкцыяў;
  • далучэньне да санкцыйнага сьпісу новых беларускіх кампаніяў за дапамогу расейскай вайсковай прамысловасьці;
  • пашырэньне забароны беларускім грамадзянам на валоданьне актывамі, кантроль ці ўдзел у радзе якой-хаця кампаніі, якая аказвае паслугі на рынку крыптавалютаў і рэгулюецца MiCA — рэглямэнтам ЭЗ аб рынках крыптаактываў;
  • абарона юрыдычных асобаў ад судовых пазоваў па-за межамі Эўразьвязу ў сувязі з выкананьнем санкцыйных патрабаваньняў.


Наколькі вядома, зьменаў у сьпісе прапанаваных санкцыяў для Беларусі за гэты час не было.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG