Расея зноў атакавала Кіеў ракетамі, ёсьць ахвяры і разбурэньні

Наступствы расейскага паветранага ўдару па Кіеве. 21 кастрычніка 2026 году

Ратаўнікі паведамляюць пра ўдары балістычных ракет па шасьці раёнах Кіева, у выніку чаго ўзьніклі пажары і ёсьць разбурэньні.

Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны паведаміла, што ў ноч на 22 кастрычніка ў Кіеве ад расейскіх удараў адзін чалавек загінуў і 22 атрымалі раненьні, у тым ліку чацьвёра дзяцей, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Ратаўнікі паведамілі пра балістычныя ракетныя ўдары па шасьці раёнах Кіева.

  • «Дняпроўскі раён. Адзін чалавек загінуў, дзіця шпіталізавана. Пашкоджаныя дамы і аўтамабілі, загарэліся жылыя і нежылыя будынкі. Яшчэ пяць чалавек атрымалі раненьні.
  • Дарніцкі раён. Пашкоджаная транспартная інфраструктура. Пацярпелых няма.
  • Сьвятошынскі раён. Згарэлі нежылы будынак і рэстаранны комплекс. Пажар на плошчы 1100 квадратных мэтраў патушаны. Абалонскі раён.
  • Пашкоджаныя нежылыя будынкі, узьніклі пажары. Два чалавекі атрымалі раненьні. Пажары патушаны.
  • Пячорскі раён. Пашкоджаныя дамы, машыны хуткай дапамогі і манастыр. Восем чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку трое дзяцей.
  • Галасееўскі раён. У выніку абстрэлу нежылога будынку пацярпелі шэсьць чалавек», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве ёсьць загінулыя і пацярпелыя ад расейскага абстрэлу. Пашкоджаныя жылыя дамы, мэдычны цэнтар, мэтро і дата-цэнтар

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ўва ўсіх рэгіёнах Украіны з выкарыстаньнем розных відаў узбраеньня, у тым ліку ўдарных БПЛА, ракет, кіраваных авіяцыйных бомбаў (КАБ) і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы, учыненыя Расейскай Фэдэрацыяй, і падкрэсьліваюць, што яны наўмысныя.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак наўмысныя ўдары, у выніку якіх гінуць мірныя жыхары і разбураюцца лякарні, школы, дзіцячыя садкі, а таксама аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Расея хацела б біць па Ўкраіне ракетамі зь Беларусі