Яшчэ некалькі складаў Wildberries загарэліся ў Расеі і акупаваным Крыме пасьля атакі дронаў. ФОТА і ВІДЭА

Пажар на складзе Wildberries у Пецярбурзе, Расея. 24 ліпеня 2026 году

Расея даўно атакуе ўкраінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі і дронамі. Пуцін адхіліў прапанову Кіева спыніць удары ўглыб дзьвюх краін. Украіна ў адказ атакуе расейскія НПЗ і склады, адкуль расейскія войскі атрымліваюць тавары падвойнага прызначэньня.

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, у ноч на пятніцу 24 ліпеня ў Расеі паведамілі аб атацы бесьпілётнікаў на Санкт-Пецярбург, Ленінградзкую вобласць і Цьвер, у выніку чаго загарэліся тры склады Wildberries — у пасёлку Шушары і вёсцы Новасаратаўка Ленінградзкай вобласьці, у пасёлку Эмаўс Цьверскай вобласьці.

Дэталі таксама апублікаваў тэлеграм-канал ASTRA.

У акупаваным Расеяй Крыме трэцюю ноч запар адбываюцца выбухі, у сацыяльных сетках паведамляюць аб пацэльваньні дронаў у розных гарадах, у прыватнасьці па складзе Wildberries у Сімферопалі.

Паведамляюць, што выбухі ў выніку атак бесьпілётнікаў, акрамя Сімферопалю, раздаваліся ў Судаку, Еўпаторыі, Севастопалі, іншых гарадах акупаванага Расеяй Крыму.

Пажар на складзе Wildberries у акупаваным Расеяй Сімферопалі, 24 ліпеня 2026 году

У прэс-службе Wildberries пацьвердзілі, што праца складоў у Шушарах і Уткінай Завадзі (прамысловай зоне ў Новасаратаўцы) часова спыненая.

Таксама Ўладзімір Зяленскі паведаміў пра пасьпяховую атаку на завод «Авитек» у расейскім горадзе Кіраве.

Атака на завод «Авитек» у Кіраве, Расея

Кіраўнік украінскай кампаніі Fire Point Дзяніс Штылерман (кампанія выпускае ракеты «Фламінга») апублікаваў відэа з запускам ракеты. Подпісу пад відэа няма, но ўкраінскія аналітыкі мяркуюць, што менавіта гэтая ракета ўдарыла па заводу «Авитек».

Ранейшыя атакі на склады Wildberries

Раней пасьля атакі бесьпілётнікаў загарэліся іншыя лягістычныя цэнтры гандлёвай пляцоўкі Wildberries — у Краснадары і Нявіннамыску Стаўрапольскага краю, Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі.

Пасьля пажару на складзе ў Электрасталі пад Масквой, Расея

Зяленскі раней патлумачыў удары

Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».

«Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».

18 ліпеня ўкраінскія дроны ўжо атакавалі склады гандлёвай плятформы Wildberries у Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі. Паводле зьвестак Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны, у Падмаскоўі ўзьнік пажар на плошчы 188 тыс. кв. м.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тады заявіў, што склады выкарыстоўвалі для пастаўкі дэталяў дронаў, і назваў атакі адказам на расейскія ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны. Ён заявіў, што вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею.

У Расеі распачалі справу аб тэрарыстычным акце.

Украіна пад атакай расейскіх ракет і дронаў

У ноч на 24 ліпеня Расея нанесла ўдар па Ўкраіне пяцьцю кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 з Чорнага мора і 180 ударнымі БПЛА. Супрацьпаветраная абарона (СПА) Украіны зьнішчыла 164 варожыя цэлі. Паводле папярэдніх зьвестак, СПА зьбіла/заглушыла чатыры кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69 і 160 варожых дронаў розных тыпаў на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны. Зафіксавана лучаньне адной кіраванай авіяцыйнай ракеты, 14 ударных дронаў у 9 пунктах, а таксама падзеньне абломкаў зьбітых дронаў у 8 лякацыях.

  • Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
  • Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
  • Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія «Яндекс маркет» і Ozon таксама ня будуць кампэнсаваць страты ў разе атакі дронаў. Беларускія вытворцы прадаюць там свае тавары

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

22 тысячы прадаўцоў і абарот на 3,9 мільярда: Як атакі на Wildberries закранулі беларусаў