«Разьбіраюцца юрысты». Буйны беларускі вытворца касмэтыкі прызнаў страты пасьля атак дронаў на склады Wildberries у Расеі

Пажар на складзе Wildberries у Маскоўскай вобласьці, 18 ліпеня 2026 году

Беларускі брэнд касмэтыкі Modum каля 30% сваіх таварных запасаў захоўваў на расейскіх складах Wildberries, пацярпелых ад атакі бесьпілётнікаў 18 ліпеня. Яшчэ адна атака адбылася 22 ліпеня.

Як піша выданьне «Люстэрка», цяпер гэтая прадукцыя недаступная для замовы, аднак у кампаніі разьлічваюць як мага хутчэй аднавіць продажы, расказала ў Threads дырэктарка маркетынгу фірмы Вольга Безвадзіцкая.

«На складах у Электрасталі і Катоўску знаходзілася каля 30% усяго таварнага запасу касмэтычнай кампаніі Modum. Цяпер гэты асартымэнт недаступны для замовы, у прыярытэце ня толькі ацэнка стратаў, але і максымальна хуткае аднаўленьне даступнасьці прадукцыі для пакупнікоў», — цытуе прадстаўніцу Modum крыніца «Люстэрка».

Паводле Вольгі Безвадзіцкай, кампанія загадзя разьмеркавала прадукцыю паміж некалькімі расейскімі складамі Wildberries, таму вялікая частка асартымэнту па-ранейшаму прадаецца ў звычайным рэжыме.

Акрамя таго, некаторыя тавары ўжо перавялі на іншую схему продажаў.

«Таксама мы апэратыўна перавялі частку пазыцыяў на схему FBS (дастаўка з складу прадаўца), гэта дае магчымасьць аднавіць продажы, не чакаючы аднаўленьня працы пацярпелых лягістычных цэнтраў», — дадала яна.

Адзін з камэнтатараў пацікавіўся, ці дапускаюць у кампаніі, што найбліжэйшымі тыднямі могуць пацярпець іншыя склады Wildberries, і спытаў, што ў такім выпадку плянуюць рабіць. На гэта прадстаўніца Modum адказала:

«Пакуль ня думалі пра гэта».

Яшчэ адзін карыстальнік спытаў, ці будзе кампэнсаваная шкода кампаніі. У адказ Вольга паведаміла, што з гэтым «разьбіраюцца юрысты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ два лягістычныя цэнтры Wildberries загарэліся ў Расеі пасьля атакі бесьпілётнікаў. ФОТА і ВІДЭА

Пацярпелыя ад удараў

Ноччу 18 ліпеня пад удар дронаў трапілі лягістычныя комплексы Wildberries у Катоўску (Тамбоўская вобласьць Расеі) і Электрасталі (Маскоўская вобласьць). На першым аб’екце загінулі сем чалавек, яшчэ як мінімум 25 атрымалі раненьні.

У Электрасталі пацярпелі 37 чалавек, адзін зь іх памёр у шпіталі. Восем пацярпелых у цяжкім стане, астатнія ў стане сярэдняй ступені цяжкасьці.

Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі і дронамі, Уладзімір Пуцін адхіліў прапанову Кіева спыніць удары ўглыб дзьвюх краін і баі на лініі фронту.

Ці будзе кампэнсацыя

Абодва склады выкарыстоўвалі многія беларускія прадаўцы. Некаторыя зь іх ужо паведамілі, што страцілі тавары і чакаюць інфармацыі пра магчымае кампэнсаваньне.

Расейскія СМІ пісалі, што яшчэ ў пачатку ліпеня ўладальнік маркетплэйсу Wildberries зьмяніў умовы афэрты, зьняўшы зь сябе адказнасьць за тавары, зьнішчаныя або пашкоджаныя ў выніку баявых дзеяньняў, атак бесьпілётнікаў, абстрэлаў і выбухаў. Аднак прадпрымальнікі зь Беларусі адзначалі, што для іх дзейнічае іншае пагадненьне, у якім ня згадваліся БПЛА, аднак у якасьці вынятку былі пазначаныя «абставіны непераадольнай сілы».

Новыя атакі на Wildberries

У ноч на 22 ліпеня ўкраінскія дроны атакавалі лягістычныя цэнтры Wildberries у Краснадары і Нявіннамыску ў Стаўрапольскім краі Расеі, на іх тэрыторыі пачаліся маштабныя пажары.

Пажар на складзе Wildberries у Краснадары (Расея) 22 ліпеня 2026 году

Відавочцы апублікавалі відэа маштабнага пажару на нежылым аб’екце ў Нявіннамыску Стаўрапольскага краю. Канал Exilenova+ сьцьвярджае, што там гарыць склад Wildberries.

Зяленскі патлумачыў удары па лягістычных цэнтрах і заклікаў вярнуцца да дыпляматыі

Уладзімір Зяленскі заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».

Паводле Зяленскага, у водах Чорнага і Азоўскага мораў зьнішчаныя танкер і чатыры сухагрузы расейскага ценевага флёту:

«Дзякуем усім нашым салдатам Арміі абароны Ўкраіны за гэтыя вынікі. Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля ўдараў 18 ліпеня заявіў, што склады выкарыстоўвалі для пастаўкі дэталяў дронаў, і назваў атакі адказам на расейскія ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны.

«Мы справядліва адказваем на кожны расейскі ўдар на нашы гарады і грамады. Гэтую вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею»,— заявіў Зяленскі.

У Расеі распачалі справу аб тэрарыстычным акце.

  • Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
  • Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
  • Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Падзеі з Wildberries паказваюць небясьпеку стаўкі на бізнэс чужой краіны» — эканаміст Махоўскі