Як піша Ўкраінская служба Радыё Свабода, на поўдні Расеі пасьля атакі бесьпілётнікаў загарэліся два лягістычныя цэнтры гандлёвай пляцоўкі Wildberries — у Краснадары і Нявіннамыску Стаўрапольскага краю, паведамляюць маніторынгавыя Telegram-каналы.
«У ноч на 22 ліпеня відавочцы апублікавалі відэа наступстваў украінскай начной атакі кампаніі ў прадмесьці Краснадару. На падставе кадраў OSINT-аналітык Astra вызначыў, што буйное загараньне адбылося на тэрыторыі складу Wildberries, разьмешчанага на вуліцы Ціхарэцкай, у паўночна-ўсходняй частцы Краснадару», — піша Telegram-канал Astra.
Пажар на складзе Wildberries у Краснадары, 22 ліпеня 2026 году
Падобныя відэа публікуе і ўкраінскі канал Exilenova+.
Апэратыўны штаб Краснадарскага краю паведаміў, што пасьля атакі бесьпілётніка на склад пацярпелі тры чалавекі.
Пажар на складзе Wildberries у Краснадары, 22 ліпеня 2026 году
Відавочцы таксама апублікавалі відэа маштабнага пажару на нежылым аб’екце ў Нявіннамыску Стаўрапольскага краю. Канал Exilenova+ сьцьвярджае, што гэтая справа таксама тычыцца зьнішчэньня складу Wildberries.
Ёсьць таксама паведамленьні пра атаку на нафтабазу ў горадзе Армавіры на поўдні Расеі.
Зяленскі патлумачыў удары і заклікаў вярнуцца да дыпляматыі
Уладзімір Зяленскі заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».
Паводле Зяленскага, у водах Чорнага і Азоўскага мораў былі зьнішчаныя танкер і чатыры сухагрузы расейскага ценевага флёту:
«Дзякуем усім нашым салдатам Арміі абароны Ўкраіны за гэтыя вынікі. Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».
18 ліпеня ўкраінскія дроны ўжо атакавалі склады гандлёвай плятформы Wildberries у Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі. Паводле зьвестак Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны, у Падмаскоўі ўзьнік пажар на плошчы 188 тыс. кв. м.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што склады выкарыстоўвалі для пастаўкі дэталяў дронаў, і назваў атакі адказам на расейскія ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны.
"Мы справядліва адказваем на кожны расейскі ўдар на нашыя гарады і грамады. Гэтую вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею",— заявіў Зяленскі.
У Расеі тады распачалі справу аб тэрарыстычным акце.
- Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
- Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
- Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.