На месцы расейскага ўдару па школе ў Запароскай вобласьці завяршылі пошукавую апэрацыю: пацьверджана сьмерць 72 чалавек

Наступствы расейскага бомбавага ўдару па мястэчку Камышуваха, 8 лістапада 2026 году

Пошукі вялі з 2 лістапада.

2 лістапада ў пасёлку Камышуваха Запароскай вобласьці ў выніку расейскага ўдару загінулі 72 чалавекі, паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Міхаіл Сямікін. Ён заявіў, што пошукавыя работы на месцы ўдару завершаныя.

Паводле Сямікіна, цяпер высьвятляецца лёс чатырох чалавек, якія лічацца зьніклымі без вестак, а чацьвёра пацярпелых надалей атрымліваюць мэдычную дапамогу, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Паводле колькасьці ахвяраў гэта самы разбуральны ўдар па Запароскай вобласьці і адзін з найцяжэйшых ва Ўкраіне. Гэта трагедыя, якая застанецца незагойным болем для нашага рэгіёну і ўсёй краіны», — напісаў ён у Telegram.

Як паведамілі ў Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі, 2 лістапада расейскія войскі нанесьлі ўдар па Камышувасе — менавіта ў той момант, калі людзі атрымлівалі гуманітарную дапамогу. Былі скінутыя кіраваныя авіяцыйныя бомбы (КАБ) тыпу ФАБ-500, а затым — ФАБ-3000. У выніку простага трапляньня абвалілася бэтонная канструкцыя падземнага збудаваньня.

7 лістапада Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што выявіла асобы расейскіх вайскоўцаў, датычных да ўдару па Камышувасе.

«Паводле зьвестак вайсковай выведкі, удар па Камышувасе сплянаваў палкоўнік Фёдар Уладзіміравіч Зубакоў — начальнік групы агнявога паражэньня штабу групоўкі войскаў „Днепр“ расейскай акупацыйнай арміі. Для зьдзяйсьненьня гэтага ваеннага злачынства былі залучаныя чатыры самалёты Су-34», — заявілі ў ГУР.

Таксама былі названыя імёны шасьці расейскіх пілётаў; паведамляюць, што уімёны асобаў складзе экіпажу яшчэ аднаго самалёта цяпер высьвятляюцца.

Чаму гэта важна

Расейскія вайскоўцы рэгулярна наносяць удары па ўкраінскіх гарадах і цывільнай інфраструктуры ўва ўсіх рэгіёнах Украіны, выкарыстоўваючы розныя віды ўзбраеньня, у тым ліку ўдарныя бесьпілётнікі, ракеты, кіраваныя авіяцыйныя бомбы і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню (РСЗА).

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія ў гэтай поўнамаштабнай вайне наносіць па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак наўмысныя ўдары, у выніку якіх гінуць мірныя жыхары і разбураюцца лякарні, школы, дзіцячыя садкі, а таксама аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі клясыфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы, учыненыя Расейскай Фэдэрацыяй, падкрэсьліваючы, што яны маюць наўмысны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Ўкраіны вызначыла расейцаў, адказных за ўдар па школе ў Запароскай вобласьці, дзе загінулі паўсотні чалавек