Міліцыянт засудзіў блогерку за слова «мент»

Супрацоўнік УУС Менскага мэтрапалітэну Ігар Дулько дамогся праз суд пакараньня блогеркі Алены Мельнікавай (псэўданім — Лена Стогава).

Справу за абразу службовай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў разгледзеў 19 студзеня Кастрычніцкі суд сталіцы. Блогерку пакаралі штрафам у 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

Міліцыянта пакрыўдзілі ў допісе Алены Мельнікавай словы «мент», «мянтоўская краіна» і «ненавіджу вас усёй душой», якія ён прыняў на свой рахунак.

Увечары 3 сьнежня 2014 году Алену Мельнікаву не прапусцілі ў мэтро супрацоўнікі аховы на станцыі «Парк Чалюскінцаў». Яны палічылі, што дзяўчына не ў цьвярозым стане. Алена сьцьвярджае, што была цьвярозай і ў той вечар была згодная прайсьці мэдычны агляд. Аднак супрацоўнікі мэтро ў гэтым ёй таксама адмовілі. Алена апісала інцыдэнт на сваёй старонцы ў «Жывым журнале» ў допісе «Сёе-тое пра маю мянтоўскую краіну».

«Мянты, лайдакі. Бясьпека краіны ... Ненавіджу вас, „абаронцы айчыны“! Так і ведайце», — напісала Алена.

16 студзеня Мельнікаву выклікалі ў УУС Менскага метрапалітэну. Там яна даведалася, што прапаршчык Ігар Дулько накіраваў позву ў суд. У блогу Алена Мельнікава не называла імёнаў міліцыянтаў, але разьмясьціла фота, на якім быў і прапаршчык Дулько.

Паводле абароны, гэты допіс адлюстроўваў меркаваньне блогеркі і не абражаў канкрэтнай асобы. Акрамя таго, Алена Мельнікава адмаўляе два камэнтары, якія таксама ставіліся ёй у віну: «яны бязмозглыя пешкі, якія жывуць за мае падаткі», «мае падаткі кормяць гэтае тлустае мянтоўскае цела», перадае БелаПАН.

Ігар Дулько заявіў, што запіс блогеркі яго абразіў.

Алена Мельнікава — PR-спэцыяліст і блогер. Працавала прэс-сакратаром на «Беларусьфільме», журналістам дзяржаўных тэлеканалаў, уваходзіла ў прэзыдэнцкі пул.