У Маскве пры тушэньні пажару на складзе загінулі 8 супрацоўнікаў МНС

Ілюстрацыйнае фота

Пажар на складзе ў Маскве, які доўжыўся амаль 14 гадзін, патушаны. Загінулі 8 супрацоўнікаў МНС. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Раней інфармацыйныя агенцтвы перадавалі, што з пажарнымі страчана сувязь, але надзея на іх выратаваньне захоўваецца. Яны працавалі на даху будынку. У МНС не выключаюць, што, загарэўшыся, дах пад імі мог абрынуцца.

Пажар узьнік ўвечары ў чацьвер на складзе, дзе захоўвалася плястыкавая прадукцыя. Ратаўнікі прысвоілі пажару чацьвёртую, перадапошнюю ступень складанасьці. Плошча ўзгараньня склала 4 тысячы квадратных мэтраў. Лякалізаваць узгараньне ўдалося толькі к 6-й гадзіне раніцы пятніцы.

МНС разглядае розныя прычыны ўзьнікненьня пажару, але прыярытэтнай зьяўляецца вэрсія пра кароткае замыканьне. Не выключаецца таксама парушэньне пажарнай бясьпекі пры выкарыстаньні абагравальных прыбораў.