Марына Адамовіч: Куды перавядуць Статкевіча, мусяць паведаміць цягам 3 дзён

Мікалай Статкевіч

Палітвязьня Мікалая Статкевіча маюць перавесьці з «крытай» магілёўскай турмы ў калёнію, бо 12 студзеня ў яго заканчваецца трохгадовы тэрмін знаходжаньня ў турме. Дзе палітык цяпер?

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч а 17 гадзіне паведаміла карэспандэнту Свабоды:

«На гэты момант у мяне няма ніякай іншай інфармацыі, акрамя той, якую далі раніцай з турмы. Тады казалі, што Мікалай яшчэ там, у турме. Тэарэтычна ён павінен быць ужо этапаваны, бо якраз сёньня заканчваюцца тры гады, цягам якіх ён мусіў знаходзіцца ў турме. Пра тое, што яго перавялі і куды менавіта, мне павінны паведаміць цягам трох дзён пасьля этапу».

Паводле Марыны Адамовіч, апошні раз яна бачылася з мужам 17 сьнежня мінулага году на кароткім спатканьні, падчас якога пра перавод Мікалай Статкевіч нічога не казаў. Апошні ліст ад Статкевіча быў датаваны 28 сьнежня 2014 году. У якую калёнію могуць зьмясьціць Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч ня ведае.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Спачатку Мікалай Статкевіч адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі. Тры гады таму палітыка як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў крытую магілёўскую турму. Мікалаю Статкевічу прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, каб выйсьці на волю датэрмінова, але ён адмовіўся, бо ня лічыць сябе вінаватым.