За месяц латвійскае войска зафіксавала як мінімум тры дроны, якія заляцелі і ўпалі на тэрыторыі краіны. Рэпартаж з Латгаліі тэлеканалу «Настоящее время».
Праз паветраную трывогу перанесьлі цэнтралізаваны іспыт
Горад Люцын (Лудза) — адзін з краёвых цэнтраў у Латгаліі. Ад яго 40 км да мяжы з Расеяй і крыху больш — да Беларусі. Як і іншыя гарады Латвіі, Люцын апошнімі тыднямі жыве ва ўмовах пастаянных абвяшчэньняў паветранай трывогі — бо на тэрыторыю Латвіі залятаюць замежныя дроны.
Паводле латвійскай арміі, як правіла, гэта ўкраінскія бесьпілётнікі, накіраваныя на расейскія аб’екты: Расея выкарыстоўвае сродкі радыёэлектроннай барацьбы, каб перанакіраваць гэтыя дроны ў бок Латвіі.
Латгалія
На мінулым тыдні паветраная трывога парушыла правядзеньне іспытаў у мясцовых школах. Абвесткі аб паветранай трывозе прыйшлі на мабільныя тэлефоны люцынцаў менавіта ў той момант, калі выпускнікі здавалі цэнтралізаваны іспыт з латыскай мовы.
«Мы прынялі рашэньне эвакуаваць вучняў з актавай залі ў іншае памяшканьне, — расказвае Зінаіда Булыга, дырэктарка 2-й сярэдняй школы ў Люцыне. — Адзін з карпусоў школы пабудавалі ў 1910 годзе як турму. Але турмы там ніколі не было, там проста вельмі тоўстыя муры, больш за мэтар».
Дырэктарка школы апавядае, што сядзець у калідоры школьнікам і настаўнікам давялося крыху больш за гадзіну:
«Але ўсё роўна нэрвы, і дыхаць цяжка, бо шмат людзей. Потым па дзяцей пачалі прыяжджаць бацькі», — кажа пэдагог.
Другую частку іспыту з латыскай мовы, якую не пасьпелі правесьці праз паветраную трывогу, у Люцынскім і ў іншых усходніх краях Латвіі перанесьлі на 9 чэрвеня. Усяго, паводле зьвестак міністэрства адукацыі Латвіі, пацярпелі каля 1300 вучняў.
Дырэктар школы гаворыць, што дзеці пераносяць надзвычайную сытуацыю спакойна, а вось іхныя бацькі моцна ўстрывожаныя.
«Да нас на лета шмат дзяцей прыяжджаюць з-за мяжы. З той жа Ангельшчыны, унукі. Цяпер яны там думаюць, ехаць ці не, бо ім здаецца, што тут нейкія жахі, — кажа Зінаіда Булыга. — Яны кожны дзень тэлефануюць, пытаюцца, што ў нас і як».
Але ў Люцыне і іншых гарадах праз частыя паветраныя трывогі пакуль не плянуюць скасоўваць масавыя імпрэзы, у прыватнасьці, сьвята гораду.
Старшыня краёвай думы Эдгарс Мэкшс кажа: Латвія жыве ў рэжыме мірнага часу, але патрэбны дакладны альгарытм дзеяньняў для падобных надзвычайных сытуацыяў.
«Вось, напрыклад, у нас на пляцы быў усталяваны экран для прагляду чэмпіянату сьвету ў хакеі. Пасьля першага пэрыяду мы атрымалі мабільнае апавяшчэньне аб паветранай трывозе: прагляд давялося спыніць і перайсьці ў бясьпечныя месцы, ва ўкрыцьці. Такая наша сёньняшняя рэальнасьць», — наракае Эдгарс Мэкшс.
Новая сыстэма абвестак аб трывозе
Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі нядаўна ўвялі новую сыстэму рассыланьня мабільнай абвесткі аб паветранай трывозе. Цяпер трывога мае два ўзроўні — жоўты і аранжавы. У першым выпадку жыхароў проста інфармуюць аб магчымай пагрозе, але рабіць спэцыяльных дзеяньняў не патрабуецца. Аранжавае паведамленьне — гэта рэальна зафіксаваная пагроза ў паветры, і трэба дзейнічаць паводле інструкцыі.
«Вядома, я гэта падтрымліваю. Аднак наш край памежны. І для нас грань паміж жоўтай абвесткай і аранжавым апавяшчэньнем — толькі пытаньне часу, — кажа Эдгарс Мэкшс. — Думаю, калі будуць сыгналы, што рух адбываецца ўздоўж мяжы, на расейскай тэрыторыі, то заляцець у наш край для дрона — гэта некалькі хвілін».
Жыхары Люцына кажуць, што, вядома, дроны — гэта «непрыемна», але тут жа заўважаюць, што «вакол вайна».
«Як вам сказаць. Калі а 4-й раніцы... гэта ня вельмі прыемна, вядома. А так нармальна, — кажа мясцовы жыхар. — Гэта ўжо даўно працягваецца, і без усялякіх дронаў. Вакол вайна».
«Непрыемна гэта ўсё як бы. Пагатоў, а мы жывем каля музэю, першыя палёты былі над нашым домам, было вельмі страшна, мы ўсё чулі вельмі добра, вокны вельмі моцна бразгаталі. І нават выбух быў чутны ў Рэжыцы», — расказваюць яго землякі.
«Людзі ў шоку. Мая ўнучка ходзіць у дзіцячы садок — ведаеце, яна ўжо ўсяго баіцца. Яны там ужо сядзелі ў калідоры», — апавядае мясцовая жыхарка.
«А я гэта спакойна ўспрымаю. Калі б заляцела сто дронаў, можа, было б страшна. А іх адзін, два...», — кажа яшчэ адна жыхарка Люцына.
У Рэжыцы ад дронаў пацярпела нафтабаза
Горад Рэжыца (Рэзэкнэ), які згадваюць жыхары, — адзін з галоўных гарадоў Латгаліі. Тут знаходзіцца нафтабаза, на тэрыторыі якой 7 траўня ўпалі і выбухнулі два дроны.
Наступствы падзеньня дрона ў Рэжыцы, 7 траўня 2026 году
Паводле афіцыйных зьвестак, дроны былі ўкраінскія, яны заляцелі ў Латвію з тэрыторыі Расеі. Нафтавыя рэзэрвуары ў Рэжыцы ў той момант былі пустыя, таму здэтанавалі толькі самі бесьпілётнікі. Але наступствы выбухаў можна назіраць да гэтага часу. Жыхары расказваюць, што ў тую ноч бачылі і чулі, як дроны праляталі над горадам, і зьнялі на відэа сполахі ад выбуху.
Чарада паветраных трывогаў актуалізавала ў Латвіі пытаньне: наколькі на пяты год поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ў краіне гатовая сыстэма ўкрыцьцяў і іншай інфраструктуры на выпадак паветраных удараў? Улады многіх гарадоў прызнаюць: сытуацыя кепская. Напрыклад, у Рызе, дзе жывуць каля 600 тысяч чалавек, адначасова схавацца ў афіцыйных сховішчах могуць толькі каля 52 тысяч чалавек, паведамілі ў Рыскай думе. Гэта толькі 8% насельніцтва гораду. У Люцыне і Рэжыцы сытуацыя ня лепшая.
«Так, летась была аб’яўлена Міністэрствам унутраных справаў праграма абсталяваньня бамбасховішчаў. Але, на жаль, фінансавыя асыгнаваньні, вылучаныя ў рамках гэтай праграмы, недастатковыя, — апавядае намесьнік мэра Рэжыцы Аляксей Стэц. — Фактычна каб прывесьці ў парадак адно бамбасховішча, паўнавартаснае, зь вэнтыляцыяй, з санвузламі і іншым, — гэта будзе каштаваць больш за 250 тысяч эўра.
Шпіталь у Рэжыцы — адзін з найбуйнейшых у Латгаліі. Ад нафтабазы, дзе ўпалі дроны, да яго толькі 10 хвілін на машыне. У шпіталі кажуць, што працуюць у звычайным рэжыме, але ёсьць унутраны плян дапамогі пры катастрофах, даўно распрацаваны.
«Дапамога можа палягаць у тым, каб у выпадку трывогі быў дакладны плян, як нашы супрацоўнікі і супрацоўнікі іншых тэрміновых службаў дабіраюцца да працоўных месцаў, што адбываецца зь семʼямі, дзе можна пакінуць дзяцей, які транспарт даступны і гэтак далей», — заўважае Іварс Зьвідрыс, сябра праўленьня шпіталю.
Сама нафтабаза, куды ў Рэжыцы ўпалі дроны, разьмешчаная побач з жылым раёнам шматпавярховых дамоў. Жыхары раёну прызнаюцца, што баяцца, і хочуць бясьпекі.
«Гэта было ўначы. Я чула роў, як у трактара, было незразумела, што адбываецца, — расказвае мясцовая жыхарка. — Побач чыгунка, я думала, можа там нешта адбываецца? А потым у шэсьць раніцы выйшла пагуляць з сабакам і бачыла, як адзін з дронаў ляцеў над мостам».
«Я прачнулася ад выбуху. Думала, што мо гром грыміць. А потым аказалася, што дрон, — кажа яе суседка. — А потым сырэны, абвесткі пайшлі. Нічога добрага, карацей! Цяпер чакаеш, што прыляціць».
«А я сама бачыла, як дрон ляцеў над маёй хатай. Гэта было ў шэсьць раніцы. Дваякія адчуваньні. Па-першае, гэта было вельмі нечакана. Па-другое, незразумела, што адбываецца, чаго яшчэ чакаць. Хочацца бясьпекі», — заўважае яшчэ адна жыхарка.
«Я сама моцна спала, ня чула, а дачка чула. Вядома, мы баімся ўсе», — кажа яшчэ адна.
Дроны і чарада мабільных апавяшчэньняў аб паветранай трывозе, якія ўпалі ў Латгаліі, ужо сапраўды ўдараць па бюджэце рэгіёну, гавораць у мясцовых самакіраваньнях. Паводле Латгальскай асацыяцыі турызму, замежныя турысты ўжо скасавалі 60% рэзэрвацыяў жытла ў Латгаліі.