Кітайцам забаранілі адкрываць бізнэс з Паўночнай Карэяй

Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын, архіўнае фота

Міністэрства гандлю Кітаю абвясьціла аб забароне на адкрыцьцё новых бізнес-праектаў з КНДР. Рашэньне было прынятае ў межах выкананьня рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН аб увядзеньні новых санкцыяў супраць Паўночнай Карэі.

У заяве, апублікаванай на сайце міністэрства, гаворыцца, што рашэньне набывае сілу неадкладна. Адкрыцьцё новых супольных прадпрыемстваў, фірмаў або кампаніяў, доля ў якіх належыць грамадзянам Паўночнай Карэі, з гэтага часу стане ў Кітаі немагчымым.

Адначасова міністэрства паведаміла пра тое, што пад забарону трапляюць і любыя інвэстыцыі, зробленыя кітайскімі кампаніямі ў прадпрыемствы Паўночнай Карэі.

Рада бясьпекі ААН увяла новыя санкцыі супраць КНДР у пачатку жніўня. Рашэньне стала адказам на запуск новай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты, праведзены Пхеньянам у ліпені. Санкцыі маюць прымусіць улады Паўночнай Карэі адмовіцца ад праграмаў па стварэньні ядзернай зброі і балістычных ракетаў.