У Менску пачалі прадаваць «Картку госьця» ад 18,5 эўра

«Картка госьця Менску»

Прадпрыемства «Мінгардаведка» пачала прадаваць «Картку госьця Менску», перадае БЕЛТА. Картка дае зьніжкі на гатэлі, музэі, аквапарк і заапарк, кавярні і рэстарацыі, а таксама крамы.

Карткі маюць прадавацца ў інфапунктах «Мінгардаведкі» (такія на сайце ўстановы пазначаныя два, на чыгуначным вакзале і ў ратушы, яшчэ адзін неўзабаве абяцаюць адкрыць у Нацыянальным аэрапорце) і інфармацыйна-даведачным цэнтры «Менск» (вул. Рэвалюцыйная, 13), а таксама праз сайт minsktourism.by.

Картка на 24 гадзіны каштуе на сайце 45 рублёў (каля 22,5 даляра або 18,5 эўра на момант публікацыі), на 48 гадзінаў — 60 рублёў, на 72 гадзіны — 78 рублёў.

«Картка госьця» дае бясплатны ўваход у 11 музэяў, зьніжкі да 50% на наведваньне больш як 20 музэяў і экскурсіяў (а таксама аквапарку і заапарку), зьніжкі да 20% (часьцей — 5%) у гатэлях, рэстарацыях і крамах. Сам сайт мае толькі расейскамоўную і ангельскамоўную вэрсію.

Падобныя «карткі госьця» ўжо даўно прадаюцца ў гарадах суседніх краінаў, прапануюць ня толькі зьніжкі, але і бясплатныя туры або бясплатныя наведваньні музэяў, некаторыя таксама ўключаюць праезд у грамадзкім транспарце. Цэны на дзень розныя: так, кіеўская картка госьця каштуе 15 эўра за дзень, віленская — ад 20 да 30 эўра, рыская — 25 эўра, маскоўская — 27 эўра, варшаўская — каля 28,5 эўра за дзень.