Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей абяцае новыя крокі для спрашчэньня візавага рэжыму


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Новыя крокі для спрашчэньня візавага рэжыму плянуецца абмеркаваць у студзені на нарадзе з удзелам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў Уладзімер Макей у перадачы «Актуальнае інтэрвію» на тэлеканале «Беларусь 1».

«Там мы будзем уносіць адпаведныя прапановы. Думаю, па выніках гэтай нарады будуць прыняты канкрэтныя меры», — сказаў Макей.

Паводле міністра, «рашэньне аб увядзеньні бязьвізавага рэжыму было абсалютна апраўданым, узважаным».

«Для краіны яно дае добры эфэкт, таму спыняцца на дасягнутым нельга».

Макей сказаў, што Беларусь мае намер рухацца далей у гэтым пытаньні і абяцае ўлічыць «адносіны з Расеяй».

«Мы цяпер вядзем адпаведныя перамовы з нашымі расейскімі сябрамі», — сказаў міністар.

Паводле Макея, пасьля ўвядзеньня Беларусьсю 5-дзённага бязьвізавага рэжыму паступленьні ад турыстычных паслуг у бюджэт Менска павялічыліся на 35%. А Беларусь наведалі больш за 80 тысяч замежных грамадзян, у першую чаргу з Заходняй Эўропы.

«У Менску ідзе рост паступленьняў у бюджэт ад турыстычных, гатэльных паслуг, ад паслуг у сфэры аховы здароўя, адпачынку і гэтак далей на 35% », — сказаў Уладзімер Макей.

Дзякуючы бязьвізаваму рэжыму значна павялічылася колькасьць турыстаў і ў рэгіёнах, на Аўгустоўскім канале, у Белавескай пушчы.

Аўгустоўскі канал
Аўгустоўскі канал

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 26 сьнежня ўказ «Аб усталяваньні бязьвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў». Паводле ўказу, у Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях, а таксама ў Берасьці і Горадні павялічваецца колькасьць пунктаў пропуску для «бязьвізавых» турыстаў — зьявяцца новыя пункты на чыгуначных вакзалах і ў аэрапортах.

Гэты «бязьвіз» тычыцца грамадзянаў 77 краінаў («бязьвіз» празь менскі аэрапорт дзейнічае для 80-ці). Тэрмін бязьвізавага знаходжаньня павялічваецца зь 5 да 10 дзён, таксама пашыраюцца «бязьвізавыя» тэрыторыі: для наведнікаў парку «Аўгустоўскі канал» гэта ўвесь Горадзенскі раён і Горадня, для парку «Белавеская пушча» — тэрыторыя рэкрэацыйнай зоны «Берасьце» (само Берасьце, Берасьцейскі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі раёны Берасьцейскай вобласьці, а таксама Сьвіслацкі раён Горадзенскай). Іншаземцы ў гэтых зонах мусяць мець пры сабе дзейны дакумэнт для выезду за мяжу і пасьведчаньне аб праве наведваць тэрыторыю.

12 лютага мінулага году Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў пры прылёце ў менскі аэрапорт. Гэтае рашэньне Менску выклікала непрыхаванае раздражненьне Масквы.

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG