З Адамовічам, Быкавым, Лучанком — унікальныя фота пакажуць на выставе пра мастакоў

Колер 1970-х. Сядзяць: Мікалай Селяшчук і Мікалай Ісаёнак. Стаяць: Мікола Купава, Міхаіл Рагалевіч, Уладзімер Александровіч, Уладзімер Тоўсьцік, Валеры Славук, Уладзімер Савіч

Яўген Коктыш, адзін з найбольш вядомых сучасных фотахраністаў, рыхтуе выставу, прысьвечаную выбітным беларускім мастакам. Для экспазыцыі ў сталічнай галерэі Artel адабрана больш за 100 працаў, якія ахопліваюць пэрыяд ад сярэдзіны 1970-х і да нашых дзён. Паглядзець на партрэты творцаў, калі яны былі маладыя, можна з 25 верасьня.

Фотажурналіст Яўген Коктыш

Яўген Коктыш нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне ў чэрвені 1940 году. Пасьля школы па камсамольскай пуцёўцы паехаў на Карагандзінскі мэталюргічны завод, потым была служба ў войску, вучоба ў Беларускім політэхнічным інстытуце на спэцыяльнасьці «энэргетыка». Працаваў інжынэрам-канструктарам у аддзеле фізыкі неразбуральнага кантролю Акадэміі навук.

Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменьнік Алесь Адамовіч

Паэт Рыгор Барадулін і скульптар Анатоль Анікейчык

Тройка народных мастакоў: Віктар Грамыка, Леанід Шчамялёў, Уладзімер Тоўсьцік

Васіль Шаранговіч з дачкой Натальляй

Народны мастак Беларусі Віктар Грамыка ў сквэры Янкі Купалы

Тады сурʼёзна захапіўся фатаграфіяй, якая забірала ўсё больш часу. Ягоныя высілкі неўзабаве заўважылі, ён друкаваўся ў газэтах «Комсомольская правда», «Знамя юности», «Чырвоная змена», часопісе «Работніца і сялянка», быў заўсёднікам Менскага фатаклюбу.

Мікалай Ісаёнак і Алесь Адамовіч падчас здымкаў фільму «Ідзі і глядзі»

У 1976 годзе фатограф Юры Іваноў запрасіў калегу ў агульнасаюзнае Агенцтва друку «Новости» (АПН) — дапамагаць асьвятляць падзеі зь Беларусі. Гэта ўжо быў выхад на міжнародны ўзровень, бо патрабавалася знаходзіць сюжэты, якія хацелі б набываць замежныя падпісчыкі. Фотакарэспандэнтам АПН Коктыш адпрацаваў практычна да развалу СССР.

Георгій Паплаўскі, Алесь Адамовіч, Валянцін Тарас, Васіль Быкаў

Вялікія і незаменныя

На прызнаньне Яўгена Коктыша, гэта быў самы плённы этап прафэсійнай дзейнасьці. Менавіта тады завязваліся шчыльныя кантакты са знакамітымі беларусамі, у ліку якіх Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Заір Азгур, Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка ды многія іншыя. У якасьці фотарэпартэра быў сьведкам стварэньня кінафільму «Ідзі і глядзі» рэжысэра Элема Клімава паводле сцэнара Алеся Адамовіча.

Перад выставай на Паркавай магістралі. Селяшчук, Тоўсьцік, Савіч (сядзяць). Альшэўскі, Фэлікс Янушкевіч (стаяць)

Мікалай Ісаёнак і Аляксей Марачкін

Прэзыдэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч і Яўген Кулік

Валеры Славук і Мікалай Селяшчук

Скульптар Заір Азгур на Бярэзіне

«Недзе ў 1973 годзе я зразумеў, што трэба ісьці ў прафэсіяналы, — згадвае Яўген Коктыш. — Першай такой прыступкай стала творчая студыя „Фота і жыцьцё“. Выпускалі кніжкі, плякаты, брашуры пра знакавыя мясьціны Беларусі. Пасьля таго як адпрацаваў тры гады, набіў руку, Юра Іваноў запрасіў фотакарэспандэнтам у АПН.

І тут ужо пачаліся сурʼёзныя справы — 27 часопісаў, 19 газэтаў, ахоп 175 краінаў. Трэба было даваць толькі найлепшае. Такімі людзкімі „глыбамі“ тады былі Быкаў, Адамовіч, Паплаўскі, Савіцкі, Шчамялёў, Вашчанка, Кішчанка, Селяшчук. А пра Васіля Ўладзімеравіча ды Алеся Адамовіча матэрыялу набярэцца, безь перабольшаньня, на кнігу».

Алесь Адамовіч і Аляксей Кузьміч

Паступова кола сяброў пашыралася. Дзякуючы Яўгену Коктышу творчы шлях дзясяткаў літаратараў, мастакоў, скульптараў, тэатральных дзеячоў цяпер навечна зафіксаваны ў гісторыі:

Георгі Паплаўскі, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч

«Быкаў, Адамовіч, Бураўкін, Барадулін — гэта ж адно кола аднадумцаў. Плюс мастакі — Кашкурэвіч, Паплаўскі, Шчамялёў, Вашчанка. Ці трэба казаць, што з кожнай нагоды я з задавальненьнем здымаў гэтых цудоўных людзей — і ў майстэрнях, і на афіцыйных імпрэзах, і на сямейных сьвятах.

Прыходзіш у госьці, заўсёды ў руках камэра (я без фотаапарату не ўяўляю сябе і сёньня, гэта ўжо неадʼемная частка мяне). Хочаш ня хочаш — фатаграфуеш, фіксуеш. І цягнецца гэта ад другой паловы 1970-х, то бок акурат 40 гадоў. Таму архіў сабраўся надзвычай багаты».

Гаўрыла Вашчанка з жонкай Мацільдай

У шэрагу выданьняў да сёньня ёсьць адмысловыя рубрыкі, дзе на падставе рарытэтных здымкаў Яўгена Коктыша можна прасачыць станаўленьне той ці іншай асобы. А неўзабаве вобразы будуць сыстэматызаваныя і паўстануць перад шырокай публікай на выставе пад назвай «Сяброў маіх цудоўныя абліччы»:

Заір Азгур сярод сваіх правадыроў

Марына Ісаёнак, Эдуард Белагураў, Мікалай Ісаёнак

Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Натальля Паплаўская, Валянцін Тарас, Георгі Паплаўскі (на юбілеі апошняга)

Віктар Маркавец і Тацяна Гаранская

Вянчаньне Шчамялёвых

«Вядома, спачатку трэба пакланіцца тым мастакам, якіх, на вялікі жаль, ужо няма. Гэта Валодзя Кожух, Коля Селяшчук, Жора Скрыпнічэнка, Жэня Кулік, Віця Маркавец, Сярожа Цімохаў, а таксама мэтры — Вашчанка, Кішчанка, Савіцкі. Але мне цікавыя і цяперашнія хлопцы — маладыя, цікавыя, амбітныя. Напрыклад, сустрэў днямі Антона Вырву, паглядзеў ягоныя працы — цуд.

Таму будуць як тыя, хто тварыў у 1970–80–90-х, так і новая плынь. Сабраў больш за 100 працаў. Адзінае — ці здолеюць арганізатары столькі ўмясьціць. Дарэчы, хачу выказаць падзяку гаспадыні галерэі Маргарыце: у яе будаўнічы бізнэс і яна мае такое добрае хобі, зрабіла ўжо не адну выставу».

Народны мастак, купалавец Барыс Герлаван

Узьнёслыя і зямныя

Спадар Яўген кажа, што, перабіраючы старыя фатаздымкі, зь цеплынёй згадвае гады, калі ўсё былі маладымі і няўрымсьлівымі. Пры гэтым абʼектыў ягонага фотаапарату быў нацэлены на тое, каб застаць сяброў ня толькі за мальбэртам, але і па-за працай:

«Беларускі Далі» Георгі Скрыпнічэнка

«Гэта ўсе мае сябры. Прыяжджаюць калегі з „Огонька“, чым пахваліцца? Вядома, Селешчуком. Працы неверагодныя! Але ня толькі мастацтвам жылі. Нашым магнітам, які яднаў вакол сябе мастакоў, журналістаў, быў знакаміты сёньня доктар-нэўрахірург Саша Цярэшчанка.

Нашай сапраўднай жарсьцю быў футбол. Сольныя ролі выконваў Валодзя Савіч, прыроджаны гулец. Ну і проста так сустракаліся, як жа інакш? А наагул з хлопцаў той генэрацыі ніхто не прапаў, у кожнага за сьпінай манаграфіі, праца загадчыкамі катэдраў, яны дактары, прафэсары, „народныя“. Безумоўна, карыфэі. А некаторыя выставы на слыху і праз 30 гадоў, як тая на Паркавай магістралі — добра тады пашумелі».

Міхаіл Савіцкі і Аляксандар Кішчанка

У багажы Яўгена Коктыша нямала выставаў, прысьвечаных выбітным людзям краіны. Былі фотаэкспазыцыі, прысьвечаныя асобна Васілю Быкаву, Алесю Адамовічу, Уладзімеру Мулявіну, Стэфаніі Станюце, Мікалаю Селяшчуку. Як даніна пашаны і памяці творцам, кожны зь якіх быў № 1 у сваёй сфэры. А цяпер Коктыш хоча аддаць належнае мастакоўскай пляядзе:

Кастусь Качан

«Тады маладыя яшчэ мастакі — Тоўсьцік, Савіч, Селяшчук, Качан — сталі мне вельмі блізкімі сябрамі. Калі пасьля трагічнага сыходу Селешчука пайшла гаворка пра кніжку, якую рыхтавала Наташа Шаранговіч, у мяне аказалася, мабыць, пад 400 фатаграфіяў зь ім. Сам зьдзівіўся. Шмат з кім мяне пазнаёміў і зьвёў Георгі Паплаўскі, найперш у Расеі.

Ёсьць такая ідэя: паколькі гэта ўсё выбітныя фігуры, добра было б іх абʼяднаць пад адной вокладкай. Ёсьць нават умоўная назва — „Карыфэі“. Калі Бог дасьць сілаў і здароўя, можа і выльецца ў якую кнігу. Бо набіраецца багата здымкаў аднаго і таго ж чалавека — ад 20-30-гадовай даўнасьці і да больш сучасных. Якраз добра кладзецца на асобную старонку для кожнага».

Народны мастак Май Данцыг

Скульптар Іван Місько зь бюсьцікам актора Генадзя Аўсяньнікава

Мастак Уладзімер Кожух і паэт Генадзь Бураўкін

Мастак Мікола Купава і кампазытар Ігар Лучанок

Фотавыстава Яўгена Коктыша «Сяброў маіх цудоўныя абліччы», прысьвечаная беларускім мастакам розных гадоў, пачне працаваць у менскай карціннай галерэі Artel 25 верасьня (праспэкт Незалежнасьці, 58/1).