Злучаныя Штаты і Іран пры пасярэдніцтве Пакістану дамовіліся пра двухтыднёвае спыненьне агню. Галоўная ўмова — адкрыцьцё Іранам Армускай пратокі.
Гэтая заява прагучала менш як за дзьве гадзіны да заканчэньня ўльтыматуму прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які пагражаў пачаць маштабныя ўдары а 3-й гадзіне ночы 8 красавіка (у пераводзе на беларускі час).
Рынкі адрэагавалі ростам, нафта патаньнела, сусьветныя лідэры адрэагавалі з палёгкай. Аднак перамір’е ўжо цяпер выглядае крохкім: усяго празь некалькі гадзін пасьля ягонага абвяшчэньня прыйшлі паведамленьні пра іранскія ўдары па арабскіх краінах Пэрсыдзкай затокі. Ізраіль жа не спыніў атакі ў Лібане на пазыцыі «Хэзбалы» — іранскай проксі-групоўкі, якую Вашынгтон прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй.
Перамовы ў Ісламабадзе па заключэньні пастаяннага мірнага пагадненьня пачнуцца 10 красавіка. Абодва бакі падкрэсьліваюць: спыненьне агню часовае і не азначае канца вайны.
Вось тры галоўныя чыньнікі, што вызначаць, ці стане гэтае зацішша трывалым мірам, ці застанецца толькі кароткім перапынкам у баявых дзеяньнях.
Першы. Статус пратокі
Дзесяцігодзьдзямі Армуская пратока лічылася агульнасусьветным здабыткам — вузкі праход паміж Іранам і Аманам, церазь які бесьперашкодна і бязмытна праходзіла пятая частка сусьветнага экспарту нафты і звадкаванага газу. Гэтыя часы, падобна, скончыліся.
Паводле наяўных зьвестак, рамачнае пагадненьне аб перамір’і ўключае пункт, які дазваляе Ірану і Аману спаганяць плату за транзыт караблёў. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Канвэнцыя ААН па марскім праве наўпрост забараняе дзяржавам браць грошы за праход тэрытарыяльнымі водамі ў міжнародных пратоках.
Іранская сыстэма, якая ўжо фактычна працуе, выглядае складаней за звычайную «касу». Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) распрацаваў рэйтынг краін: «сяброўскія» дзяржавы атрымліваюць лепшыя ўмовы. Пасьля аплаты КВІР выдае код-дазвол і інструкцыі для маршруту.
Але хто заплаціць насамрэч? Можна падумаць, што спажыўцы, але Гунтрам Вольф, старэйшы навуковы супрацоўнік брусэльскага аналітычнага цэнтру Bruegel, лічыць інакш. Паколькі арабскія краіны Затокі забясьпечваюць каля 20 адсоткаў сусьветных паставак нафты, менавіта яны возьмуць на сябе асноўны цяжар новых пабораў.
«Паводле маіх падлікаў, краіны Затокі будуць аплачваць каля 80–85 адсоткаў кошту гэтага транзытнага збору, — кажа Вольф у камэнтары для RFE/RL. — Звычайныя спажыўцы ва ўсім сьвеце адчуюць толькі каля 20 адсоткаў гэтай нагрузкі».
Your browser doesn’t support HTML5
The Route That Could Change Asian Energy Flows
Для шараговага пакупніка паліва падатак будзе амаль непрыметным. Для ААЭ, Кувэйту і Саудаўскай Арабіі гэта будзе значыць скарачэньне прыбыткаў. Фактычна арабскія манархіі будуць праз свае рэсурсы субсыдыяваць аднаўленьне Ірану пасьля вайны.
Іранскія чыноўнікі гэтага і не хаваюць. «Сытуацыя ў Армускай пратоцы ня вернецца да даваеннага стану», — напісаў у мінулым месяцы сьпікер іранскага парлямэнту Махамад Багер Калібаф.
Другі. Узбагачаць ці не ўзбагачаць?
Абвяшчаўшы перамір’е, Трамп назваў іранскую прапанову з 10 пунктаў «прыдатнай базай для перамоваў». Але пазыцыі бакоў застаюцца дыямэтральна супрацьлеглымі, асабліва ў ядзерным пытаньні.
Паводле зьвестак Associated Press, у пэрсамоўнай вэрсіі іранскага пляну была фраза пра «прызнаньне права на ўзбагачэньне» ўрану — пункт, які дзіўным чынам зьнік з ангельскамоўных копіяў, перададзеных журналістам. 8 красавіка Трамп яшчэ раз заявіў: ніякага ўзбагачэньня ў Іране ня будзе.
«Мы сочым за іхным уранам. Мы ведаем, што ў іх ёсьць. Яны яго аддадуць, і мы яго забяром. Забяром сілай, калі спатрэбіцца», — заявіў міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт на брыфінгу ў Пэнтагоне.
Гаворка ідзе пра значныя запасы: паводле МАГАТЭ, Іран мае 440 кіляграмаў урану, узбагачанага да 60 адсоткаў. Пасярэднікі вырашылі, што пытаньне вывазу або разбаўленьня гэтага паліва будзе вырашацца толькі ў межах фінальнай дамовы. Тэгеран наўрад аддасьць свой галоўны козыр за ўсяго два тыдні без бамбаваньняў.
Такім чынам, «уранавае пытаньне» было наўмысна адкладзенае да сустрэчы ў Ісламабадзе — менавіта там гэтая нестыкоўка ў перакладзе непазьбежна выплыве на паверхню.
Трэці. Пытаньне Лібану
Офіс прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху заявіў, што мірнае пагадненьне не распаўсюджваецца на Лібан, дзе ізраільскія войскі вядуць наземную апэрацыю супраць «Хэзбалы». Аднак прэм’ер-міністар Пакістану Шахбаз Шарыф, галоўны пасярэднік угоды, сьцьвярджае адваротнае: цішыня павінна быць і ў Лібане.
Гэта ня проста юрыдычная спрэчка. Іран падтрымлівае «Хэзбалу», і калі Ізраіль працягне ўдары, Тэгеран апынецца пад моцным ціскам уласных радыкалаў, якія патрабуюць вайсковага адказу.
Стварэньне прэцэдэнту?
Гунтрам Вольф робіць выснову: Іран паказаў, што нават дзяржава сярэдняга памеру можа чыніць балючы эканамічны ціск на ўвесь сьвет, нават безь перамогі ў канвэнцыйнай вайне.
«Мала якая краіна захоча перажыць тое, што перажыў за апошнія тыдні Іран, у тым ліку пагрозу поўнага зьнішчэньня цывілізацыі, — кажа экспэрт. — Але ў той жа час Іран стварыў прэцэдэнт: паказаў сьвету моц асымэтрычнай вайны. І гэта — стратэгічная параза Злучаных Штатаў. Любы агрэсар цяпер бачыць: „вартаўнік сусьветнага парадку“ не заўсёды здольны даць рады такім мэтадам».