Гомельская прадпрымальніца: «Нам нічога не застаецца, як ісьці на плошчу»

Цэнтральны рынак у Гомелі. Прадпрымальнікі абмяркоўваюць апошнія навіны

З пачаткам сакавіка на Гомельшчыне тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў спынілі працу — пачаў дзейнічаць указ № 222, які абавязвае мець сэртыфікаты і таварна-транспартныя накладныя на тавары лёгкай прамысловасьці, у тым ліку й прывезеныя з Расеі.

У Рэчыцы 2 сакавіка дзясяткі прадпрымальнікаў з рынкаў «Цэнтральны», «Юбілейны», «Рытм» прыйшлі да райвыканкаму з патрабаваньнем заступіцца за іх перад вышэйшымі ўладамі.

Гаворыць лідэр прадпрымальніцкага руху з Рэчыцы Алег Шабетнік:

«Каб выканкам стаў на абарону прадпрымальнікаў, выставіў свае патрабаваньні ўраду — адкласьці дзеяньне ўказу № 222 да 2017 году, як тое зрабіла Расея. А заадно паспрыяць, каб беларускія прадпрымальнікі змаглі атрымліваць у Расеі дакумэнты на тавар з тамтэйшых аптовых рынкаў.

У Рэчыцы цяпер звыш тысячы прадпрымальнікаў, зь іх прыкладна 800 засталіся бяз працы. Тыя, хто гандлюе таварамі лёгкай прамысловасьці, практычна ўсе пазачыняліся. Засталіся толькі паасобныя прадпрымальнікі, якія гандлююць беларускімі таварамі і маюць належныя дакумэнты. Астатнія ўсе зачыніліся».

Прадпрымальнікі каля рэчыцкага райвыканкаму

Рэчыцкая прадпрымальніца Алена, маці траіх малалетніх дзяцей, кажа, што цяпер яе сям’я вымушана жыць на дзяржаўную дапамогу дзецям — гэта крыху больш як 3 мільёны на пяць душ:

«Мужа зрабілі дармаедам, а цяпер і я стала дармаедкай. У мяне вышэйшая адукацыя — я б з задавальненьнем пайшла працаваць. Але куды? Усюды скарачэньні, спыняецца вытворчасьць. Усюды кланы сямейныя. Глянь на той жа наш мэтызны завод: тата, мама, сваты, браты, сёстры — ня ўлезеш, калі няма „валасатай рукі“. Я б з прыемнасьцю сядзела ў цёплым кабінэце — але куды ісьці?»

Спусьцелы рэчыцкі рынак

Сотні дробных бізнэсоўцаў засталіся бяз працы і ў абласным цэнтры. У гандлёвым цэнтры «Сакрэт» на стыхійным сходзе, які адбыўся напярэдадні, тамтэйшыя гандляры разам з прадстаўнікамі Цэнтральнага рынку скандавалі:

«Указ № 222 — адмяніць, адмяніць, адмяніць!»

Your browser doesn’t support HTML5

Гомельскія прадпрымальнікі: «Застаецца толькі ісьці на Плошчу, патрабаваць свайго»

Прадпрымальніца Сьвятлана, якая пасьля шматгадовай працы зачыніла свой ралет у гандлёвым цэнтры да лепшых часоў, ня можа зразумець лёгіку ўладаў у дачыненьні да прадпрымальнікаў:

«Урад паставіў нас у патавую сытуацыю: мы працаваць ня можам — нас выганяюць на вуліцу. Нашы рэалізатары, зь якімі мы працавалі доўгія гады, — яны таксама ідуць на вуліцу. У краіне, дзе няма працоўных месцаў, дзе заводы пераходзяць на трох- ці чатырохдзёнку, а ў людзей няма грошай на самае неабходнае і няма працоўных месцаў, — нас выкідаюць на вуліцу. Пра што думае ўрад краіны? Я сто пяты раз пытаюся ў нашых дзяржаўнікаў: для каго пішуцца такія законы, на якіх пазначана, што яны нібыта для народу? Для якога народу? Мы што — не народ?»

Напярэдадні ўступленьня ў сілу ўказу № 222 намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Крутой па тэлебачаньні заявіў, што дакумэнт адправяць на дапрацоўку. І прадпрымальнікі да падпісаньня канчатковай вэрсіі ўказу нібыта могуць працаваць спакойна — іх ня будуць штрафаваць за адсутнасьць дакумэнтаў. Аднак прадпрымальнікі даюць мала веры такім расповедам чыноўнікаў.

Цэнтральны рынак у Гомелі

Прадпрымальнік Юры, які мае дробны гандлёвы бізнэс,так рэагуе на запэўніваньні чыноўніка:

«Словы словамі, а паперы паперамі. Штрафаў ніхто не адмяняў, і гэтага баімося».

Спадарыня Валянціна кажа, што індывідуальныя прадпрымальнікі пастаўленыя ў такія ўмовы, што ні самім жыць, ні дзяцей вучыць:

«Стаім мы — беспрацоўныя. Нам няма чым заплаціць за вучобу — дзеці вучацца на платнай аснове. Няма грошай, каб заплаціць за вучобу. Нам нічога не застаецца, як ісьці на плошчу і патрабаваць адмены гэтага ўказу. Іншага выйсьця проста няма».

На Гомельшчыне цяпер 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле зьвестак прадпрымальніцкіх структураў, 80 адсоткаў зь іх 1 сакавіка спынілі працу. Наўрад ці цэнтры занятасьці здольныя будуць знайсьці ім працоўныя месцы — пры цяперашнім крызісным стане эканомікі. Значыць, гэтыя людзі папоўняць шэрагі так званых «дармаедаў», зь якімі ўлады наважаны змагацца. Апрача таго, самыя сьціплыя падлікі паказваюць, што бюджэт толькі ў Гомельскай вобласьці страціць сама меней 30 мільярдаў рублёў падаткаў.