Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дождж, распродаж і адчай. Прадпрымальнікі сыходзяць з рынкаў


Улады заявілі, што працягу тэрмінаў продажу тавараў лёгкай прамысловасьці без адпаведных дакумэнтаў ня будзе. Прадпрымальнікі маўкліва адрэагавалі распродажам тавару, часта нават менш як за паўцаны, абы хоць нешта прадаць.

На «Паўднёвым» рынку ў Горадні, адным з самых буйных у вобласьці, сёньня такое ўражаньне, што на закупы зьехаліся ня толькі гарадзенцы, але і жыхары з усяе вобласьці. Нікога не палохае дождж, адзінокі даішнік не дае рады з рэгуліроўкаў руху на ўезьдзе, уся вялікая стаянка застаўленая легкавікамі, людзі безупынна ідуць да гандлёвых радоў і назад.

На рынку амаль паўсюль вісяць таблічкі ад рукі напісаныя, а недзе і раздрукаваныя — распродаж. Вельмі часта над адзеньнем вялікімі лічбамі звычайным стрыжнем на кавалку паперы, часам ня вельмі эстэтычна, напісаныя цэны: усё па 100 тысяч, па 200 альбо па 50... Толькі ўвесь гэты бойкі гандаль вядзецца без усьмешак, жартаў, а неяк на дзіва моўчкі.

Зь некаторымі прадпрымальнікамі нават цяжка размаўляць, бо спадарыні пачынаюць плакаць, нехта паказвае таблеткі, мужчыны сумна апускаюць галовы, ня ведаючы, што адказаць. Вось спадарыня Ірына. 10 гадоў адпрацавала прадпрымальніцай, кажа, што заўтра яе працоўная дзейнасьць сканчаецца, як і многіх навокал.

Усё згодна з указам № 222, нагадвае яна, з 1 сакавіка іпэшнікі павінны мець сэртыфікаты на тавары і і распрадаць астаткі, якія былі завезеныя без адпаведных дакумэнтаў. А гэтых дакумэнтаў, паводле спадарыні Ірыны, наагул няма ў прыродзе.

— Капут нам. І што далей рабіць, як сям’ю ўтрымліваць?.. Усё вось аддаём амаль задарма, і ніхто не бярэ, застаюцца цэлыя баулы. Ніхто не падумаў ні пра нас, ні пра дзяцей нашых, толькі крычаць: нараджайце. Ні пра каго не падумалі, вельмі складана нам зараз, і ня ведаем, што рабіць.

Суседка спадарыні Ірыны, спадарыня Валянціна, папросту сядзіць на стольчыку, а з кліентамі размаўляе яе дачка гадоў дванаццаці. Спадарыня Валянціна кажа, што ў яе такая ж сытуацыя, як і ў суседкі.

— Ніякай будучыні няма, душаць з усіх бакоў. І я цяпер ужо безпрацоўная, гандаль ідзе ў мінус, а падаткі плаціць трэба, і ніхто цябе не пытае — зарабіў ты ці не...

А вось побач спадар Антоні. Сумна паглядае на дождж, а не на пакупнікоў, якія цікавяцца яго таварам за 100 тысяч.

— Ну, што тут чакаць — нейкая невядомасьць...

Цікаўлюся — куды падзенеце тавар, калі не распрадасьцё?

— Сабачку ў буду, альбо выкідай, альбо палі ў агні. Заўтра тут ужо нікога ня будзе. Сёньня яшчэ людзі ведаюць, што распродаж, ва ўсіх танны тавар, то карыстаюцца апошнім момантам.

— А чым вы будзеце займацца?

— Шукаем працы, хаця практычна яе знайсьці немагчыма ў горадзе. Чэргі выстройваюцца на пасаду грузчыка за 2 мільёны. Наагул, гэта ўсё ніякай лёгіцы не паддаецца, мы тут не разумеем, дзеля чаго яны гэта робяць.

Ізноў і ізноў гандлёвыя рады са словам «распродаж». Муж і жонка. Спадарыня кажа пра свае праблемы:

— Я ня толькі з гэтага не зарабляю, я зазнаю прамыя страты. Я вось паставіла цэны па 50 і 100 тысяч, а гэтыя рэчы купляла даражэй. Проста каб іх не выкідаць, то будзе і людзям дабро, і сабе нейкая капейчына. І для людзей сёньня зь іх заробкамі ўсё дорага, асабліва калі нейкія рэчы даражэйшыя, то ўжо ўсё — ніхто набыць ня можа. А я таксама гэтыя даражэйшыя рэчы так не магу прадаць за 100 тысяч, бо плаціла за іх па 600-700 тысяч. Ну, будзе вісець, буду дарыць сваякам, блізкім, родным, сябрам...

Перспэктыў у спадарства ня шмат, кажуць, што таксама шукаюць працу, але пакуль безвынікова.

— У мяне вышэйшая адукацыя, а працу магу знайсьці прыбіральшчыцай у краме на паўтара мільёна, ну, можа, прадаўцом, але ня болей як за 2 мільёны.

А вось спадар стаіць, у яго няма распродажу, але няма і пакупнікоў. Цікаўлюся — як гандаль?

— Я вось калі зараз скажу цэны, якія павінны быць..., вы ж і так бачыце, што нікога няма з пакупнікоў. А я цэны не зьніжаў да мінімуму, бо гэта б азначала тое самае, што выкінуць яго. Ня буду прадаваць па 50 тысяч, у мяне радня вялікая, то я лепей раздару, чым аддаваць за бесцань. Гэта ж трэба было прывезьці, укласьці грошы, гэта ж немалыя грошы ва ўсё гэта ўкладзеныя. Я думаю, гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб нас не было. Атрымліваецца, што мы не патрэбныя нашай краіне, проста мы не патрэбныя — вось і ўсё...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG