«Мы не зусім такія хрысьціяне, як усе», — гамельчукі пра два Раствы

Belarus -- An elderly woman prepares a church on the day marking the Orthodox Christmas eve in the Belarus town of Smorgon, some 125 km northwest of Minsk, January 6, 2015

«Ці варта беларускім вернікам перайсьці на грыгарыянскі каляндар, як большасьць хрысьціян, каб сьвяткаваць Каляды разам з усімі вернікамі — 25 сьнежня?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Your browser doesn’t support HTML5

Ці варта ўсім беларускім вернікам перайсьці на грыгарыянскі каляндар? Адказваюць гамельчукі

Спадарыня: «Я думаю, няхай так застанецца: мы з гэтым ужо вырасьлі. Відаць, трэба ў моладзі спытаць, як бы яны хацелі. Мне падаецца, так яшчэ й цікавей: усе ўжо адзначылі, а мы толькі яшчэ чакаем. Не тое, што сьвята наступіла ўжо, а сама падрыхтоўка да Нараджэньня Хрыстовага. Чым даўжэй, тым прыемней. Спачатку ўсіх павіншуем, а потым і самі адзначым — і нас будуць віншаваць. Віншую ўсіх зь мінулым, а нас — зь сёньняшнім вялікім сьвятам».

Спадар: «Лічу, што не. Гэта наш каляндар, мы паводле яго жывём. Чаго нам пераходзіць на грыгарыянскі? У такім разе й Зьвеставаньне трэба пераносіць, і ўсё астатняе. Ня варта гэтага рабіць».

Спадарыня: «Так павялося ўжо, традыцыя склалася — праваслаўным сьвяткаваць 7 студзеня. Гэтым мы адрозьніваемся. Але я сама была б ня супраць. Наагул шмат хто сьвяткуе два Раствы. Напрыклад, я сьвяткую два разы Нараджэньне Хрыстова — і 25 сьнежня, і 7 студзеня. У мяне некаторыя прашчуры былі каталікамі, таму на знак павагі да продкаў я й сьвяткую два разы».

Спадар: «Ня ведаю. Як на мой погляд, то нічога мяняць ня варта. І ўвогуле, я пра гэта ня думаў».

Спадарыня: «Можна й перайсьці — яно ж нікому не зашкодзіць».

Спадар: «Няхай яны 25 сьнежня, а мы ўсё-ткі 7 студзеня будзем адзначаць».

Спадар: «Ну, відаць мы не зусім такія хрысьціяне, як яны».

Спадарыня: «Сьвяткуем і 25 сьнежня, і 7 студзеня. Больш сьвятаў, яно й лепей».

Спадар: «Я думаю, што можна, можна перайсьці».

Спадар: «Мне цяжка адказаць. Я нібыта й вернік, але ня моцна веру ў Бога».

Спадар: «Як вырашыць Сынод Праваслаўнай царквы. Калі вырашыць так, значыць, мы будзем адазначаць, як і ўся Эўропа. Але гэта ўжо на погляд сьвятароў, бо сьвята царкоўнае. Таму яны павінны вызначыцца з датай».

Спадарыня: «Я лічу, што час і дата — гэта ўсё ўмоўна. Галоўнае, каб у людзей нашых вера была. Нармальная, добрая вера. А дата, калі будзем сьвяткаваць — гэта ня так ужо й важна. Можна ў любую дату раз на год сьвяткаваць. Тут галоўнае, каб верылі людзі правільна, а ня проста ў царкву хадзілі. Ім так адпусьцілі грахі — і яны далей пайшлі рабіць свае ня надта добрыя справы. Дата для мяне асабіста не такая ўжо й важная».