Ня трэба быць папам да сьмерці, — Францішак

Папа рымскі Францішак заявіў, што каталіцкай царкве, якую ён узначальвае, ня варта выбіраць пажыцьцёвых лідэраў.

Ён лічыць, што пажыцьцёвы пантыфікат павышае для Ватыкану рызыку стаць падобным на дзяржаву з дыктатарскім рэжымам, паведамляе «BBC Украіна».

Раней 78-гадовы пантыфік ужо казаў, што гатовы зьняць зь сябе паўнамоцтвы ў выпадку праблем са здароўем.

Падчас выступу на плошчы Сьвятога Пятра перад 30 тысячамі каталікоў Францішак адзначыў, што адзіны, каго ў царкве нельга замяніць — гэта Сьвяты Дух.

Раней у інтэрвію мэксыканскаму тэлебачаньню папа сказаў, што не зьяўляецца прыхільнікам ўвядзеньня фіксаванага ўзросту, калі рымскія біскупы павінны пакідаць сьвяты пасад.

У лютым 2013 году папярэднік Францішка Бэнэдыкт XVI стаў першым за апошнія 600 гадоў папам, які добраахвотна склаў свае паўнамоцтвы.