Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску чыноўнік лавіў крышнаітаў


Віцебск, ілюстрацыйнае фота
Віцебск, ілюстрацыйнае фота

Пяцігадзінным затрыманьнем завяршылася для крышнаітаў спроба распаўсюду сваёй літаратуры на вуліцах Віцебску.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», непасрэдны ўдзел у затрыманьні вернікаў браў галоўны спэцыяліст аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Віцебскага аблвыканкаму Сяргей Фадзеенкаў. Пра гэта Праваабарончаму цэнтру расказаў адзін з затрыманых Аляксандар Гранкін:

«17 чэрвеня я знаёміў людзей у Віцебску зь ведычнымі ведамі аб правільным харчаваньні, здаровым ладзе жыцьця, самаразьвіцьці і філязофіі ўсходняй рэлігіі гаўдыя-вайшнавізму. Тым, хто выяўляў жывую цікавасьць да гэтых тэмаў, я дарыў кнігі і брашуры. Галоўны спэцыяліст аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Віцебскага аблвыканкаму Фадзеенкаў, не праяўляючы ніякай цікавасьці да згаданых тэмаў, супраць маёй волі забраў у мяне чатыры кнігі, дзьве зь якіх потым вярнуў. Мае неаднаразовыя патрабаваньні вярнуць астатнія кнігі ён праігнараваў».

Блізу дзясятка кніг былі канфіскаваныя і ў іншага верніка — Паўла Іванова:

«Фадзеенкаў разам зь невядомым мне чалавекам, не прадставіўшыся, без тлумачэньня прычынаў, з ужываньнем фізычнай сілы адвёў мяне ў менш люднае месца, дзе забраў у мяне кнігі. Пасьля чаго падманным шляхам завабіў мяне ў будынак Камітэту дзяржаўнага кантролю, дзе ўтрымліваў супраць маёй волі».

Яшчэ адзін пацярпелы, Аляксей Уласюк, сьцьвярджае, што ў дачыненьні да яго таксама ўжывалася фізычная сіла. Ён таксама апынуўся ў будынку Камітэту дзяржаўнага кантролю, куды яго, паводле ягоных словаў, завялі гвалтоўна і пасьля перашкаджалі выйсьці вонкі.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, даставілі вернікаў у АУС Кастрычніцкага раёну Віцебску. Крышнаіты кажуць, што там іх пратрымалі амаль пяць гадзін і ўрэшце, спраўдзіўшы асобы, адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Вернікі лічаць, што сваімі дзеяньнямі галоўны спэцыяліст аддзелу па справах рэлігіяў Фадзеенкаў перашкодзіў рэалізацыі іхніх правоў на свабоднае выказваньне меркаваньняў і на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі, неправамерна завалодаў маёмасьцю, якая належала ім, і пазбавіў іх волі. Яны заяўляюць, што маюць намер скардзіцца ў Віцебскі аблвыканкам і пракуратуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG