Кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кая Калас анансавала санкцыі супраць Расеі з-за правядзеньня выбараў на занятых расейскім войскам тэрыторыях Украіны.
У заяве гаворыцца, што ЭЗ асуджае незаконную арганізацыю так званых выбараў. Паводле Калас, гэта «яшчэ адно парушэньне Расеяй міжнароднага права, уключаючы Статут ААН, а таксама незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».
«Асобы, якія маюць дачыненьне да арганізацыі гэтых фіктыўных выбараў або вылучэньня кандыдатаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама асобы, адказныя за падрыў магчымасьці правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Расеі, будуць падвергнутыя санкцыям», — адзначыла Калас.
У ЭЗ заклікалі Расею паважаць міжнародна прызнаныя межы і сувэрэнітэт Украіны, а таксама заявілі, што ніколі не прызнаюць правядзеньне выбараў на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях.
Выбары ў Дзярждуму прайшлі ў Расеі з 18 па 20 верасьня. Паводле папярэдніх падлікаў ЦВК Расеі, пракрамлёўская партыя «Адзіная Расія» атрымае 355 мандатаў з 450 — гэта канстытуцыйная большасьць. Гэта будзе найбуйнейшая фракцыя «Адзінай Расіі» за ўсю гісторыю партыі.
Калас адзначыла, што гэтыя выбары падкрэсьлілі «эрозію дэмакратыі ў Расеі, якая працягваецца і паглыбляецца, а выключэньне партыі «Яблоко» з антываеннай праграмай з фэдэральнага сьпісу «яшчэ больш абмежавала выбар расейскіх выбаршчыкаў».
Адмова Расеі запрашаць назіральнікаў АБСЭ на гэтыя выбары, як гаворыцца ў заяве Каас, «дэманструе грэбаваньне» Расеі да выкананьня абавязацельстваў, узятых на сябе ўсімі дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЭ, і адмову расейскім выбаршчыкам і інстытутам у бесстароннай і незалежнай ацэнцы гэтых выбараў.
Галасаваньне на гэтым выбарах праводзілася і ў сямі ўчастках на тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі завяршыліся выбары ў Думу. Паводле ЦВК, большасьць галасоў у «Адзінай Расеі» і камуністаўШто папярэднічала
Гэта ня першае агульнанацыянальнае галасаваньне, праведзенае Расеяй пасьля ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Пуцін, які зьяўляецца галоўнай палітычнай фігурай краіны з 1999 году, атрымаў пераканаўчую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году і абышоў трох кандыдатаў ад партый, якія намінальна лічацца апазыцыйнымі, але ў асноўным выконваюць волю Крамля.
Перад галасаваньнем ніхто не сумняваўся ў яго выніках. Аднак за лічбамі вынікаў галасаваньня хаваліся іншыя паказьнікі, за якімі пільна сачылі, — асабліва Адміністрацыя прэзыдэнта, уплывовая група ўнутры Крамля, адказная за тое, каб унутраная палітычная сыстэма захоўвала бачнасьць легітымнасьці. Напрыклад, яўка выбарнікаў. Нізкая яўка сьведчыць пра апатыю электарату, а апатыя небясьпечная для легітымнасьці Крамля і палітычнай сыстэмы.
«Гэтыя выбары важныя для Крамля, бо яны дазваляюць намінальна легітымізаваць рэжым і вайну, якую ён вядзе супраць Украіны, паказваючы, што грамадзтва па-ранейшаму падтрымлівае мілітарызаваны палітычны курс Крамля», — адзначыла Натальля Кавалёва, навуковы супрацоўнік праграмы «Расея і Эўразія» ў Chatham House — лёнданскім аналітычным цэнтры.