Эўразьвяз разглядае працяг паставак узбраеньня ва Ўкраіну падчас перамоваў аб спыненьні агню

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прыбывае на штотыднёвае пасяджэньне Калегіі камісараў у штаб-кватэры ЭЗ у Брусэлі 19 сакавіка

Лідэры Эўрапейскага Зьвязу абяцаюць працягваць вайсковую падтрымку Ўкраіны, нягледзячы на тое, што Расея імкнецца спыніць пастаўкі ўзбраеньняў Кіеву з Захаду ў ходзе перамоваў аб спыненьні агню.

Лідэры блёку зьбіраюцца ў Брусэлі 20-21 сакавіка і, як чакаецца, прымуць высновы саміту, у якіх гаворыцца, што «Эўразьвяз захоўвае свой падыход „мір празь сілу“, які патрабуе ад Украіны займаць максымальна моцную пазыцыю зь яе ўласным моцным ваенным і абарончым патэнцыялам у якасьці істотнага кампанэнту».

У тэксьце, зь якім пазнаёмілася Радыё Свабода, таксама адзначаецца, што група «застаецца прыхільнай, у каардынацыі з партнэрамі-аднадумцамі і хаўрусьнікамі, даваць далейшую ўсебаковую падтрымку Ўкраіне і яе народу, калі яна ажыцьцяўляе сваё неад’емнае права на самаабарону ад агрэсіўнай вайны Расеі».

Сустрэча ў Брусэлі адбываецца праз два дні пасьля тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтамі ЗША і Расеі Дональдам Трампам і Ўладзімірам Пуціным, у час якой узгаднілі 30-дзённую паўзу ва ўдарах па энэргетычнай інфраструктуры, адзначае эўрапейскі рэдактар Свабоды Рыкард Юзьвяк.

Аднак ужо празь некалькі гадзін пасьля згаданага тэлефанаваньня Ўкраінская чыгунка пацьвердзіла, што расейскія бесьпілётнікі нацэліліся на энэргетычную інфраструктуру, злучаную з чыгуначнай сыстэмай у Днепрапятроўскай вобласьці.

Тэкст выніковага дакумэнту саміту Эўразьвязу звычайна павінен быць аднагалосна ўзгоднены 27 краінамі-сябрамі ЭЗ, але дыпляматы ЭЗ, выступаючы пры ўмове ананімнасьці, заявілі, што Вугоршчына, якая даўно прапануе больш прымірэнчы тон у адносінах Крамля, будзе прасіць адмовіцца ад заявы, падобна таму, што адбылося на саміце ЭЗ у пачатку сакавіка.

Краіны ЭЗ дагэтуль былі выключаныя зь перамоваў аб вайне, якія вядуцца ў Саудаўскай Арабіі, але ў праекце дакумэнту падкрэсьліваюць, што «Эўразьвяз і яго дзяржавы-сябры будуць спрыяць мірнаму працэсу і дапамогуць забясьпечыць справядлівы і трывалы мір для Ўкраіны, што ў інтарэсах як Украіны, так і Эўропы ў цэлым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік амэрыканскай групы расьсьледаваньня расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне назваў яе закрыцьцё «катастрафічным ударам»

Ці будзе прадстаўнік ЭЗ на мірных перамовах?

Аднак пра прызначанага прадстаўніка ЭЗ на перамовах у дакумэнце ня згадваецца. У Брусэлі выказваліся здагадкі, што на такую ролю могуць быць падрыхтаваныя былая канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і цяперашні прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб.

Тэкст не зьмяшчае ніякіх непасрэдных спасылак на тое, што ЭЗ працуе на месцах для назіраньня за патэнцыйным мірным пагадненьнем. На гэтым неаднаразова настойваў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, але Масква гэтую прапанову адхіляе.

Брусэль сапраўды захоўвае дзьве іншыя пазыцыі, якія адміністрацыя Трампа, падобна, паклала на стол перамоваў у спробе замацаваць прыхільнасьць Масквы мірнаму пагадненьню: паслабленьне санкцый супраць Крамля і адказнасьць за ваенныя злачынствы.

Нядаўна ЭЗ падоўжыў візавыя забароны і замарожваньне актываў у дачыненьні 2400 кампаній і фізычных асоб, у тым ліку Пуціна, уведзеныя з моманту поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Расейскія актывы на суму каля 200 мільярдаў эўра застаюцца замарожанымі, пераважна ў Бэльгіі. Сродкі павінны заставацца ў нерухомым рэжыме, «пакуль Расея ня спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны і не кампэнсуе ёй шкоду, нанесеную гэтай вайной».

Краіны-сябры ЭЗ дадалі, што яны дамагаюцца поўнай адказнасьці Крамля за ваенныя злачынствы і іншыя найбольш сур’ёзныя злачынствы, учыненыя на гэтай вайне.

Гэта адбываецца ў той момант, калі Вашынгтон абвясьціў аб сваім намеры выйсьці зь Міжнароднага цэнтру расьсьледаваньня злачынстваў агрэсіі супраць Украіны, групы, створанай заходнімі краінамі яшчэ ў 2022 годзе для збору доказаў супраць асоб, адказных за магчымыя ваенныя злачынствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта вайна Пуціна супраць Эўропы». Як краіны ЭЗ павялічваюць выдаткі на войска і мяняюць адпаведныя законы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 сакавіка пройдзе саміт Эўразьвязу, у праекце ягонага рашэньня пункт пра справядлівы мір для Ўкраіны