Эўразьвяз ухваліў санкцыі супраць 1600 юрыдычных і фізычных асобаў, зьвязаных з расейскай вайсковай прамысловасьцю

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кая Калас

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу ўхвалілі 22-гі пакет санкцыяў супраць Расеі.

Ён закранае 826 юрыдычных асобаў і 743 фізычныя асобы, зьвязаных з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. Пра гэта паведаміла высокая прадстаўніца Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах Кая Калас.

«Гэта найбуйнейшае пашырэньне нашага санкцыйнага сьпісу з таго часу, як Расея пачала сваю вайну. Эўропа зноў дэманструе адзіную пазыцыю», — адзначыла яна.

Паводле Калас, больш як палова санкцыяў зьвязаная з вытворчасьцю балістычных ракет. Калас дадала, што ЭЗ «значна ўскладняе, запавольвае і робіць даражэйшай» для Расеі вытворчасьць зброі, якую тая «выкарыстоўвае для забойства ўкраінцаў».

Арганізацыі пад санкцыямі ёсьць у «сьпісе арганізацыяў, якія ўваходзяць у вайскова-прамысловы комплекс», нядаўна складзеным урадам Расеі. Сярод іх — завод рамонту караблёў «Звездочка», карабельня «Адмиралтейские верфи», вытворцы бесьпілётнікаў і ракет, Аб’яднаная ракетна-касьмічная карпарацыя, а таксама завод штучных скураў і Курганская швейная фабрыка.

На некаторыя арганізацыі санкцыі накладаюць не ўпершыню, а падаўжаюць. Сярод фізычных асобаў кіраўнікі і супрацоўнікі гэтых арганізацыяў.

У новы пакет санкцый трапіў ураджэнец Беларусі — касманаўт Алег Навіцкі

Аляксандар Лукашэнка і Алег Навіцкі, Менск, 10 верасьня 2018 году

Прычынай стала тое, што ён удзельнічаў у апошніх выбарах у дзяржаўную Думу Расеі, якія прайшлі сёлета ў тым ліку на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны.

«Фармальна ўдзельнічаючы ў гэтых незаконных выбарах як кандыдат, Алег Навіцкі актыўна спрыяў намаганьням, накіраваным на легітымізацыю агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны і захаваньне незаконнай расейскай акупацыі тэрыторыяў Украіны. Такім чынам, Алег Навіцкі падтрымлівае і ажыцьцяўляе дзеяньні і палітыку, якія падрываюць і ставяць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны», — гаворыцца ў тлумачэньні да санкцый.

Да таго ж ён быў кандыдатам ад Камуністычнай партыі Расеі, якую Эўразьвяз унёс у санкцыйны сьпіс «за матэрыяльную падтрымку дзеяньняў, што падрываюць і ставяць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны».

Навіцкі нарадзіўся ў райцэнтры Чэрвень Менскай вобласьці ў 1971 годзе. З 1988 году — у Расеі. З 2016-га — чатыры разы лятаў у космас. Апошні раз — у 2024 годзе, разам зь беларускай Марынай Васілеўскай. Цяпер Навіцкі — дэпутат Дзярждумы па Брацкай акрузе Іркуцкай вобласьці і намесьнік начальніка Цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў.

Што было ў 21-м пакеце санкцыяў

У ліпені 2026 году ЭЗ прыняў 21-ы пакет санкцыяў на Расею і Беларусь за вайну ва Ўкраіне. Пад санкцыі трапілі, сярод іншых, 18 арганізацыяў нафтавага сэктару, у тым ліку тры нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі і адзін у Беларусі.

Адна з мэтаў пакету — прадубляваць абмежаваньні супраць Расеі сьпісам абмежаваньняў для Беларусі, у прыватнасьці, у гандлі і юрыдычнай дапамозе.

Прадстаўнік ЭЗ тады раней паведаміў Радыё Свабода іншыя дэталі санкцыяў на Беларусь за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны:

  • забарона трансакцыяў у крыптавалюце для 11 крыптаплятформаў і фірмаў (у тым ліку ў Беларусі) за дапамогу Расеі ў абыходзе санкцыяў;
  • далучэньне да санкцыйнага сьпісу новых беларускіх кампаніяў за дапамогу расейскай вайсковай прамысловасьці;
  • пашырэньне забароны беларускім грамадзянам на валоданьне актывамі, кантроль ці ўдзел у радзе якой-хаця кампаніі, якая аказвае паслугі на рынку крыптавалютаў і рэгулюецца MiCA — рэглямэнтам ЭЗ аб рынках крыптаактываў;
  • абарона юрыдычных асобаў ад судовых пазоваў па-за межамі Эўразьвязу ў сувязі з выкананьнем санкцыйных патрабаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Эўрапейскім Зьвязе ўзгаднілі 21-ы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі, у які трапілі і НПЗ дзьвюх краін