Эўразьвяз паабяцаў Армэніі падтрымку пры ціску на яе з боку Расеі

Нікол Пашыньян з кіраўніком Эўрапейскай рады Антонію Коштам і кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен. Ерэван, 5 траўня 2026 году

Брусэль вылучыць Ерэвану 50 мільёнаў эўра.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен абвясьціла аб захадах для падтрымкі Армэніі, якая, паводле яе, сутыкаецца з эканамічным ціскам з боку Расеі.

Пасьля размовы з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам фон дэр Ляен паведаміла, што Эўразьвяз вылучыць Ерэвану больш за 50 мільёнаў эўра дапамогі і спросьціць доступ шэрагу армянскіх тавараў на эўрапейскі рынак.

«Пашыраючы экспартныя абмежаваньні на армянскія тавары, Масква выкарыстоўвае эканамічныя адносіны як зброю палітычнага ціску. Мы занадта добра ведаем гэты сцэнар. Вось чаму Эўропа цьвёрда стаіць на баку Армэніі», — заявіла фон дэр Ляен.

Тым часам віцэ-прэмʼер ураду Расеі Аляксей Авярчук папярэдзіў, што Масква можа перагледзець захады падтрымкі Армэніі ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) і двухбаковых пагадненьняў, калі Ерэван працягне курс на збліжэньне з Эўразьвязам.

«Мы ня можам ажыцьцяўляць фінансавую падтрымку краіны, якая бачыць сваю будучыню ў Эўрапейскім Зьвязе. Навошта нам даваць грошы тым, хто заўтра, можа, будзе ваяваць з намі?» — сказаў Авярчук у інтэрвію «Інтэрфаксу».

Паводле яго, далейшыя рашэньні Масквы будуць залежаць у тым ліку ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Армэніі, якія пройдуць 7 чэрвеня. Калі перамогуць праэўрапейскія сілы, Расея мае намер разгледзець захады ў адказ.

Авярчук сказаў, што зараз Армэнія атрымлівае перавагі ад сяброўства ў ЭАЭС, уключаючы бязмытны гандаль, доступ да расейскага рынку, ільготныя цэны на энэргарэсурсы і свабоднае перамяшчэньне рабочай сілы.

Крызіс у адносінах Ерэвану з Масквой і Менскам

Адносіны Ерэвану і Масквы а таксама Менску апошнімі месяцамі прыкметна пагоршыліся. Расея абвінавачвае ўрад Нікола Пашыньяна ў празаходнім курсе, а Армэнія актывізавала кантакты з ЭЗ. Расейскія ўлады ўвялі абмежаваньні на імпарт шэрагу армянскіх тавараў, у тым ліку кветкі, мінэральную ваду, гародніну, садавіну і рыбу.

4 чэрвеня падчас перадвыбарчых дэбатаў на Грамадзкім тэлебачаньні Армэніі Нікол Пашыньян заявіў: «Калі спатрэбіцца, выйдзем з АДКБ».

«Мы вырашым, замежныя агенты ня будуць вырашаць, што рабіць. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам», — адзначыў Пашыньян, якога цытуе news.am.

Раней Расея, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан выступілі за правядзеньне ў Армэніі рэфэрэндуму, на якім грамадзянам прапанавалі б выбраць паміж далейшым удзелам у ЭАЭС і курсам на ўступленьне ў Эўразьвяз. Пашыньян заявіў, што рэфэрэндум аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз можа адбыцца толькі пасьля афіцыйнай падачы заяўкі Ерэвану на сяброўства ў ЭЗ.

28 траўня Нікол Пашыньян другі раз запар не прыехаў на саміт Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, які праходзіў у Казахстане. На саміце нават прынялі заяву з нагоды плянаў Армэніі выйсьці з ЭАЭС.

29 траўня Аляксандар Лукашэнка ўвязаў курс Армэніі на збліжэньне з Эўрапейскім Зьвязам зь небясьпекай новай вайны.

«Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, каб, барані божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Ўкраіне... Ва Ўкраіне ўсё акурат гэтак пачыналася. Вы гэта памятаеце. Каб яны, армяне, якія толькі што выйшлі з адной вайны, ня трапілі ў цяжкую сытуацыю ў сувязі з гэтым. Ня трэба сьпяшацца. Трэба проста падумаць, трэба быць мудрымі людзьмі. Перш чым рабіць такі крок, армянскаму народу вельмі сур’ёзна трэба падумаць. Вось адзінае, да чаго я іх заклікаю. Выкажа народ сваю думку — мы зь ім пагодзімся», — заявіў Лукашэнка, далучыўшыся да заклікаў Пуціна правесьці ў Армэніі рэфэрэндум.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Армянскі тэст для імпэрыі: чаму Лукашэнку так непакоіць Ерэван