Пуцін падпісаў закон, які дазваляе прыцягваць войска для «абароны» расейцаў, арыштаваных за мяжой

Уладзімір Пуцін і параненыя ўдзельнікі вайны Расеі ва Ўкраіне. 2026

Дакумэнт прадугледжвае, што войска можа быць выкарыстана за межамі Расеі паводле рашэньня прэзыдэнта. Як канкрэтна гэта можа выглядаць, не гаворыцца.

Згодна з новым законам, цяпер Расея зможа прыцягваць армію для «абароны расейскіх грамадзян, якія арыштаваныя або падвяргаюцца крымінальнаму перасьледу» за мяжой па рашэньнях замежных судоў.

Размова ідзе, напрыклад, аб рашэньнях Міжнроднага крымінальнага суду, які выдаў ордэр на арышт Пуціна ў 2023 годзе.

Таксама Пуцін падпісаў законы, якія пашыраюць ільготы для ўдзельнікаў вайны ва Ўкраіне.

У прыватнасьці, аб вызваленьні ўдзельнікаў вайны ва Ўкраіне і іх жонак ад абавязацельстваў па пратэрмінаваных крэдытах на суму да 10 млн расейскіх рублёў (140 тысяч даляраў ЗША) і закон, які дазваляе ўдзельнікам вайны захаваць права на карыстаньне зямлёй на нявызначаны тэрмін.

Як паведамляла Расейская служба Радыё Свабода, Дзяржаўная дума Расеі 13 траўня прыняла адразу ў другім і трэцім, канчатковым, чытаньні законапраект аб магчымасьці выкарыстаньня расейскіх Ўзброеных сіл за мяжой для «абароны правоў грамадзян Расіі» «ў выпадках іх арышту або крымінальнага перасьледу, у тым ліку па рашэньні міжнародных судовых органаў, у працы якіх ня ўдзельнічае Расея».

Старшыня Думы Вячаслаў Валодзін аргумэнтаваў гэты законапраект заявай, што быццам бы «заходняе правасудзьдзе стала інструмэнтам рэпрэсій у адносінах да непажаданых». У дэбатах дэпутаты казалі таксама пра патрэбу супрацьдзеяньня «кампаніі ашалелай русафобіі» ў сьвеце.

Чаму гэта небясьпечна

Фармальна ў Расеі для выкарыстаньня ўзброеных сіл за мяжой патрэбны дазвол прэзыдэнту ад імя Савету Фэдэрацыі. Перад поўнамаштабным уварваньнем ва Ўкраіну ў 2022 годзе ён атрымаў такі дазвол.

Шэраг аналітыкаў выказваў меркаваньне, што новы законапраект пашырае магчымасьці выкарыстаньня расейскіх вайскоўцаў за межамі Расеі, што можа наблізіць узброеную канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам, піша Расейская служба Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзярждума Расеі ўхваліла законапраект аб выкарыстаньні арміі за мяжой для абароны расейцаў