Дзярждума Расеі ўхваліла законапраект аб выкарыстаньні арміі за мяжой для абароны расейцаў

Дзярждума Расеі, архіўнае фота

Дакумэнт прадугледжвае, што войска можа быць выкарыстана за межамі Расеі паводле рашэньня прэзыдэнта. Як канкрэтна гэта можа выглядаць, не гаворыцца.

Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Дзяржаўная дума Расеі 13 траўня прыняла адразу ў другім і трэцім, канчатковым, чытаньні законапраект аб магчымасьці выкарыстаньня расейскіх Ўзброеных сіл за мяжой для «абароны правоў грамадзян Расіі» «ў выпадках іх арышту або крымінальнага перасьледу, у тым ліку па рашэньні міжнародных судовых органаў, у працы якіх ня ўдзельнічае Расея».

Старшыня Думы Вячаслаў Валодзін аргумэнтаваў гэты законапраект заявай, што быццам бы «заходняе правасудзьдзе стала інструмэнтам рэпрэсій у адносінах да непажаданых». У дэбатах дэпутаты казалі таксама пра патрэбу супрацьдзеяньня «кампаніі ашалелай русафобіі» ў сьвеце.

Праект яшчэ патрабуе галасаваньня ў Савеце Фэдэрацыі Расеі і подпісу Ўладзіміра Пуціна.

Чаму гэта небясьпечна

Фармальна ў Расеі для выкарыстаньня ўзброеных сіл за мяжой патрэбны дазвол прэзыдэнту ад імя Савету Фэдэрацыі. Перад поўнамаштабным уварваньнем ва Ўкраіну ў 2022 годзе ён атрымаў такі дазвол.

Шэраг аналітыкаў выказваў меркаваньне, што новы законапраект пашырае магчымасьці выкарыстаньня расейскіх вайскоўцаў за межамі Расеі, што можа наблізіць узброеную канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам, піша Расейская служба Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пагадненьне з Расеяй аб узаемным выкананьні судовых рашэньняў падрывае сувэрэнітэт Беларусі, — Інстытут вывучэньня вайны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі прынялі закон, які абавязвае апэратараў адключаць мабільную сувязь на патрабаваньне ФСБ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская Дума ратыфікавала дамову зь Беларусьсю аб гарантыях бясьпекі, у якой згадваецца ядзерная зброя