Ва Ўкраіне пад Дэбальцавам загінулі пяць украінскіх вайскоўцаў

Ва Ўкраіне ў раёне правядзеньня ваеннай апэрацыі ў Данецкай вобласьці 18 сьнежня загінулі 5 ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ 6 атрымалі раненьні.

Паводле зьвестак штабу АТА, гэта адбылося раніцай у нядзелю ў ходзе двухгадзіннага сутыкненьня з сэпаратыстамі недалёка ад Светладарскай дугі пад Дэбальцавам. Пры гэтым сэпаратыстам не ўдалося выбіць украінскіх вайскоўцаў з іх пазыцыяў. Яны панесьлі страты: 20 чалавек забіта і каля 30 паранена.

Здымачная група канала «1+1», якая знаходзіцца ў зоне канфлікту, паведамляе, што баі ў раёне Светладарскай дугі працягваюцца і, паводле апошняй інфармацыі журналістаў, у шпіталь дастаўлена ўжо 26 параненых ўкраінскіх байцоў, яшчэ ня менш за 4 параненыя пакуль не ўдаецца вывезьці з поля бою празь бесьперапынную страляніну.

Па зьвестках украінскага боку, пачынаючы з паўночы і на працягу дня сэпаратысты абстрэльвалі ўкраінскія пазыцыі на Марыюпальскім, Данецкім і Луганскім напрамках. У той жа час сэпаратысты самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі заяўляюць, што ў выніку спробаў прарыву ўкраінскіх вайскоўцаў у раёне населенага пункту Калінаўка на падкантрольнай ім тэрыторыі Луганскай вобласьці страты з боку ўкраінскіх вайскоўцаў склалі 10 чалавек забітымі і 20 параненых, а зь іх боку — 2 параненыя і 2 зьніклыя без вестак, — сьцьвярджае рэсурс сэпаратыстаў «Луганский информцентр». Паводле яго, удзел у нападзе прымала падразьдзяленьне 54 брыгады Ўзброеных сіл Украіны.

З пачатку году ў Данбасе загінула больш за 180 украінскіх вайскоўцаў, за гэты пэрыяд сэпаратысты больш як 12 тысяч разоў парушалі рэжым спыненьня агню.