У Парыжы зьбіраецца «Кааліцыя ахвочых», каб абмеркаваць адпраўку міратворцаў ва Ўкраіну

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (справа) і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на папярэдняй сустрэчы Кааліцыі ахвочых у Парыжы ў верасьні 2025

Чакаецца, што Францыя, Вялікая Брытанія і Турэччына будуць прасоўваць прапанову аб разгортваньні міратворчых сілаў ва Ўкраіне, магчыма, зь лягістычнай і выведнай падтрымкай ЗША.

6 студзеня прадстаўнікі больш чым 30 заходніх краін сустрэнуцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Парыжы, каб скаардынаваць падтрымку Кіева, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

На перамовах абмяркуюць разгортваньне міратворчых сілаў ва Ўкраіне і нявырашаныя пытаньні, такія як правілы ўзаемадзеяньня, гарантыі бясьпекі ЗША і тэрытарыяльныя пытаньні, у тым ліку наконт Данбасу і Запароскай АЭС.

Прадстаўнікі краін «Кааліцыі ахвочых», якія падтрымліваюць Кіеў у яго вайне з Расеяй, сустрэнуцца з Уладзімірам Зяленскім, каб удасканаліць мірную прапанову, накіраваную на спыненьне найбуйнейшага і найбольш сьмяротнага канфлікту ў Эўропе пасьля Другой усясьветнай вайны.

На сустрэчы 6 студзеня таксама будуць амэрыканскія прадстаўнікі, галоўныя перамоўнікі прэзыдэнта Дональда Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнэр. Аднак дзяржаўны сакратар Марка Рубіё наўрад ці прыедзе, нягледзячы на пэўныя спадзяваньні ў эўрапейскіх сталіцах на яго ўдзел.

Эўрапейскія чыноўнікі заявілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што пасьля сустрэчы дарадцаў у нацыянальнай бясьпецы, якая адбылася на выходных, і сустрэчы вайскоўцаў 5 студзеня аднавілася «пачуцьцё тэрміновасьці пытаньня». Яны спадзяюцца на парыскую сустрэчу, якая гарантуе, што Злучаныя Штаты, Украіна і іншыя эўрапейскія краіны «будуць на адной хвалі».

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што спадзяецца прадставіць «канкрэтныя абавязаньні» ў бясьпецы Ўкраіны пасьля перамоваў. Ідэя заключаецца ў тым, што павінна быць яснасьць адносна складу і часу разгортваньня міратворчых сіл у выпадку спыненьня агню. Некаторыя чыноўнікі кажуць, што ў розных эўрапейскіх сталіцах гаворыцца пра лічбу ў 15 000-20 000 вайскоўцаў, хоць некаторыя спадзяюцца, што іх будзе бліжэй да 30 000, а будуць працаваць яны пад дэвізам «бясьпечнае мора, неба і зямля».

Вайсковых плянаў пакуль не раскрываюць, але асноўная частка кантынгенту прыбудзе з Францыі і Вялікай Брытаніі, якія будуць кіраваць наземным і паветраным кампанэнтам, у той час як Турэччына заявіла, што будзе адказваць за бясьпеку транспартных шляхоў у Чорным моры. Аднак пакуль няма яснасьці ў тым, наколькі блізка да лініі сутыкненьня будуць знаходзіцца сілы «Кааліцыі ахвочых».

Большасьць эўрапейскіх службоўцаў, зь якімі кантактавала Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, лічаць, што імавернае разгортваньне будзе адбывацца ў Заходняй Украіне для падтрымкі і навучаньня ўкраінскіх войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Кааліцыя ахвочых» будзе пастаўляць Украіне дальнабойныя ракеты, — брытанскі ўрад

Неразьвязаныя пытаньні

Хоць контуры заходняй прысутнасьці ва Ўкраіне фармуюцца, усё яшчэ ёсьць некалькі пытаньняў, якія трэба разьвязаць, у тым ліку правілы ўжываньня зброі і гарантыі бясьпекі ад ЗША. Эўрапейскі дыплямат прызнаў, што пытаньне, якое да гэтага часу ня вырашана, — як рэагаваць на патэнцыйную атаку Расеі.

«Мы ў істоце ўсё яшчэ абмяркоўваем, ці будзем мы адказваць агнём, ці ўцякаць», — сказаў ён.

Калі ідзецца пра гарантыі бясьпекі ЗША, то і Брусэль, і Кіеў усё больш аптымістычна настроеныя наконт таго, што Вашынгтон забясьпечыць «надзейную падтрымку», хоць пакуль незразумела, якую менавіта форму гэта прыме.

Эўрапейскія службоўцы паведамілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, што на месцах могуць быць амэрыканскія вайскоўцы ў небаявой ролі, якія будуць назіраць за спыненьнем агню. Але кааліцыя таксама спадзяецца, што Вашынгтон усё ж такі забясьпечыць падтрымку ў лягістыцы і выведцы.

У лістападзе 2025 году Трамп ціснуў на Зяленскага, каб той прыняў мірную прапанову з 28 пунктаў, якую многія лічылі значна больш спрыяльнай для Расеі. Украіна і яе эўрапейскія хаўрусьнікі — на чале зь Вялікай Брытаніяй, Францыяй і Нямеччынай — імкнуліся распрацаваць контрапрапанову, у рэшце рэшт прапанаваўшы плян з 20 пунктаў, які ўлічваў большую частку інтарэсаў Кіева, асабліва ў пытаньнях гарантыяў бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці.

На сваіх сустрэчах з эўрапейцамі Зяленскі, падобна, будзе настойваць на патрэбе гарантыяў бясьпекі — як з боку Эўропы, так і ў спалучэньні з жаданымі цьвёрдымі гарантыямі з боку Злучаных Штатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці падасьць «Кааліцыя ахвочых» плян бясьпекі для Ўкраіны праз шэсьць месяцаў працы?

Складаныя пытаньні

Галоўны перамоўнік Украіны Руслан Умераў нядаўна заявіў, што «большасьць пазыцыяў — 90 працэнтаў мірнага пляну — ужо ўзгодненыя, праца над дэталямі працягваецца». Сярод гэтых дэталяў, якія, як чакаецца, будуць абмяркоўваць у Парыжы, ёсьць складанае пытаньне тэрытарыяльных саступак, бо Ўкраіна настойвае на замарожваньні лініі сутыкненьня або на тым, каб увесь Данбас стаў дэмілітарызаванай зонай.

Яшчэ адно пытаньне — уласнасьць на Запароскую АЭС, бо Кіеў адхіляе ідэю сумеснага кіраваньня ёю Ўкраінай і Расеяй, аддаючы перавагу таму, каб Злучаныя Штаты ўмяшаліся і замест гэтага прадавалі Маскве энэргію з станцыі.

Аднак мала хто ў Брусэлі думае, што Расея пагодзіцца з кожным з гэтых пытаньняў, бо Крэмль усё яшчэ адчувае сябе пераможцам на полі бою.

Уладзімір Пуцін некалькі разоў за апошнія тыдні заяўляў, што Масква дасягне мэтаў таго, што яна называе сваёй «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» — або шляхам дамоўленасьці, альбо сілай.

Улічваючы гэта, ЭЗ асобна рыхтуе новы раўнд санкцыяў, 20-ы з моманту поўнамаштабнага ўварваньня амаль чатыры гады таму, які, імаверна, будзе прадстаўлены дзяржавам-сябрам для зацьвярджэньня ў студзені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўропа абнародавала плян гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны. Што ён прадугледжвае

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.