Ці пераканалі прадпрымальнікі Аляксандра Лукашэнку?

Аляксандар Лукашэнка ў гандлёвым цэнтры «Экспабел»

У аўторак кіраўнік дзяржавы сустракаўся з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Чаму ўвогуле адбыўся такі дыялёг? Якія ягоныя практычныя вынікі?

Удзельнікі: юрыст Сяргей Балыкін і актывіст прадпрымальніцкага руху Вячаслаў Піліпук.

Чаму адбыўся дыялёг паміж Лукашэнкам і ІП?

Валер Карбалевіч: «Беларускае кіраўніцтва рэдка ідзе на дыялёг зь нейкімі сацыяльнымі слаямі. Яшчэ меншая імавернасьць такога дыялёгу падчас канфлікту. А гэты канфлікт цягнецца ўжо амаль год.

Цікава тое, што Лукашэнка прыйшоў паразмаўляць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП) у момант, калі гатовы праект указу аб карэкцыі палажэньняў старога ўказу № 222. Ён хацеў параіцца з ІП, перш чым падпісаць яго? У чым сэнс гэтай сустрэчы?»

Сяргей Балыкін

Вячаслаў Піліпук

Сяргей Балыкін: «Гэта піяраўскі ход. Лукашэнку трэба паказаць, што яго падтрымліваюць і ІП, і бізнэс. Таксама трэба прадэманстраваць, што прэзыдэнт добры, а ягонае атачэньне кепскае».

Вячаслаў Піліпук: «Калі б Лукашэнку сапраўды былі цікавыя справы ІП, то ён бы год таму не дапусьціў гэтага канфлікту, не было б указу № 222.

Калі наступіла дата 1 сакавіка, калі скончыўся тэрмін, цягам якога можна прадаваць тавар без дакумэнтаў, ІП пачалі масава спыняць працу, узьнікла пагроза, што прадпрымальнікі перастануць плаціць падаткі, бюджэт страціць грошы. Тады ўлады зрабілі крок назад і заклікалі ІП выходзіць на працу».

Ці задаволіць гэты кампраміс ІП?

Карбалевіч: «Чаму ўвогуле ўлады пайшлі на саступкі, пагадзіліся дазволіць ІП прадаваць тавар без дакумэнтаў да 1 студзеня 2016 году? Ці справа толькі ў падатках? Бо пакупнікі проста перамесьцяцца з рынкаў у буйныя супэрмаркеты, гандлёвыя сеткі, і тыя самыя падаткі ў казну прыйдуць, толькі зь іншай крыніцы».

Балыкін: «Аб’ём падаткаў з ІП не такі і вялікі. На тое, што ўлады часова саступілі, паўплываў іншы чыньнік. Гэтае рашэньне пралабіравалі ўласьнікі буйных гандлёвых цэнтраў, дзе арандуюць пляцоўкі ІП».

Піліпук: «Індывідуальных прадпрымальнікаў гэтае рашэньне ўладаў як часовая мера задаволіць. Бо прадпрымальнікі хочуць працаваць. Але пасьля 1 студзеня 2016 году ўсе праблемы з ІП паўстануць ізноў».

Якія пэрспэктывы існаваньня ІП?

Карбалевіч: «Што чакае ІП пасьля Новага году? Ці змогуць яны адаптавацца да новых умоваў гандлю? І як ацаніць старую ідэю пра стварэньне аптовых баз для ІП?»

Балыкін: «Варта адзначыць, што не для ўсіх ІП указ № 222 кепскі. Ён дазваляе ІП мець найманых работнікаў ня зь ліку сваякоў. Частка прадпрымальнікаў мае дакумэнты на тавары. Гэта ІП, якія прадаюць футры ці электроніку. Небясьпека для ІП падыходзіць і зь іншага боку. У іх паменела пакупнікоў. І цэны ў ІП цяпер часта не ніжэйшыя, чым у вялікіх крамах».

Піліпук: «Сама ідэя з аптовымі базамі нядрэнная, ІП яе падтрымліваюць. Але праблема ў тым, што ўлады ня здольныя яе рэалізаваць. А лёс ІП вельмі ў значнай меры будзе залежаць ад пакупніцкай здольнасьці насельніцтва. І цяпер ужо шмат гандлёвых кропак зачыняецца. Калі ад іх будуць патрабаваць дакумэнты на тавары, то гэта даб’е ІП канчаткова».