У Нагорным Карабаху зьнесьлі катэдральны сабор і царкву. Эксклюзіўныя фота

Сабор Сьвятой Багародзіцы ў Ханкендзі (Стэпанакерт), архіўнае фота

Спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя Радыё Свабода, паказваюць, што апошнімі тыднямі ў Нагорна-Карабаскім рэгіёне Азэрбайджану былі зьнесеныя два буйныя хрысьціянскія храмы.

Катэдральны сабор найбуйнейшага гораду Нагорна-Карабаскага рэгіёну Азэрбайджану быў зьнесены, пацьвердзіла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, грунтуючыся на спадарожнікавых здымках, зробленых 26 красавіка.

Паведамленьні пра разбурэньне катэдральнага сабору Сьвятой Багародзіцы ў Ханкендзі (Стэпанакерт) зьявіліся ў армянскіх СМІ ў сярэдзіне красавіка, але дагэтуль не было выразных сьвежых здымкаў гэтага месца.

Камбінаваны здымак, на якім відаць катэдральны сабор Сьвятой Багародзіцы, у канцы 2025 году (уверсе) і тое ж месца 26 красавіка 2026 году

Будаўніцтва катэдральнага сабору ў Ханкендзі — горадзе, вядомым армянам як Стэпанакерт — пачалося ў 2006 годзе, а асьвяцілі храм у 2019 годзе.

Акрамя таго, што сабор служыў галоўным месцам пакланеньня ў горадзе, ягоны падвал быў пераабсталяваны ў бамбасховішча падчас канфліктаў з азэрбайджанскімі войскамі, якія ўспыхнулі ў 2020-х гадах.

Сабор Сьвятой Багародзіцы ў верасьні 2023 году

Выявы, атрыманыя Радыё Свабода, пацьвярджаюць, што разам з катэдральным саборам у апошнія тыдні была зьнішчаная і царква Сьвятога Якава, яшчэ адна важная хрысьціянская сьвятыня ў горадзе.

Царква Сьвятога Якава на поўначы Ханкендзі, сфатаграфаваная да таго, як Азэрбайджан вярнуў сабе Нагорны Карабах (Фота ад monumentwatch.org)

Царква Сьвятога Якава была пабудаваная ў 2007 годзе, яе фінансаваў армянска-амэрыканскі філянтроп у памяць свайго памерлага сына.

Царква Сьвятога Якава на поўначы Ханкендзі на фота канца 2025 году (уверсе) і гэтае ж месца 26 красавіка 2026 году

23 красавіка кіраўніцтва Армянскай апостальскай царквы абвінаваціла Азэрбайджан у «наўмысным нападзе на армянскія сьвятыні, імкненьні сьцерці армянскую прысутнасьць» у Нагорным Карабаху. Царква сьцьвярджае, што крыжы вакол разбуранай царквы Сьвятога Якава таксама былі зьнішчаныя.

Эльнарэ Акімава, дэпутатка парлямэнту Азэрбайджану, заявіла Азэрбайджанскай службе Радыё Свабода 22 красавіка, што заявы аб зьнішчэньні цэркваў ёсьць «правакацыяй рэваншысцкіх сіл» з мэтай пашкодзіць іміджу Баку. Акімава таксама заявіла, што для яе краіны «захаваньне рэлігійных і гістарычных помнікаў на сваёй тэрыторыі ёсьць дзяржаўнай палітыкай. Азэрбайджан ніколі ня меў намеру зьнішчаць якую-небудзь рэлігійную спадчыну».

Купал катэдральнага сабору Сьвятой Багародзіцы, здымак 2018 году (зьлева), і кадар відэа, зьнятага ў красавіку 2026 году ў тым жа месцы

24 красавіка Радыё Свабода пагутарыла з супрацоўнікам гатэлю, разьмешчанага за некалькі мэтраў ад сабору. Спачатку мужчына праз тэлефон паведаміў Радыё Свабода, што ня мае ніякай інфармацыі пра стан сабору, потым сказаў, што «ўсё вакол гатэлю на месцы», а потым заявіў, што сабор усё яшчэ там.

Міністэрства замежных справаў Азэрбайджану не адказала на просьбу пракамэнтаваць гэтую інфармацыю.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян (у цэнтры) ускладае кветкі да мэмарыялу ахвярам генацыду армян у Ерэване. 24 красавіка 2026 году

У паведамленьні ў сацыяльных сетках ад пачатку лютага ёсьць фота з будаўнічай агароджай вакол сабору. Мяркуецца, што будынак зьнесьлі да пачатку красавіка.

Больш за 100 000 этнічных армян пакінулі Нагорны Карабах і прылеглыя тэрыторыі падчас сэрыі азэрбайджанскіх ваенных наступаў, якія завяршыліся поўным вяртаньнем Нагорнага Карабаху ў склад Азэрбайджану ў верасьні 2023 году. Да таго ў выніку Першай Нагорна-Карабаскай вайны этнічныя армяне некалькі дзесяцігодзьдзяў фактычна кантралявалі тэрыторыю Нагорнага Карабаху і прылеглыя раёны.

Паведамленьні пра апошнія зьнішчэньні хрысьціянскіх аб’ектаў у Нагорным Карабаху выклікалі спрэчкі перад будучымі парлямэнцкімі выбарамі у Армэніі. Крытыкі абвінавачваюць прэмʼер-міністра Нікола Пашыньяна ў тым, што ён не вырашае гэтага пытаньня. Пашыньян заявіў журналістам, што яго ўрад працуе над атрыманьнем поўнай інфармацыі ў гэтым пытаньні, але заклікаў да «асьцярожнасьці» ў падобных выпадках.

«Зважаючы на наш папярэдні досьвед, я ня думаю, што мы зробім гэта тэмай міжнародных дыскусіяў на дзяржаўным узроўні», — сказаў Пашыньян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экс-кіраўніка ўраду Нагорнага Карабаху ў Баку пакаралі на 20 гадоў пазбаўленьня волі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сюррэалістычная атмасфэра, як у антыўтопіі». Як выглядае Нагорны Карабах праз два гады пасьля вайны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уплыў Расеі на Паўднёвым Каўказе слабее, адкрываюцца дзьверы для новых гульцоў