Заходнія кампаніі ня вераць у ЭўрАзЭс і таму не ідуць у Беларусь, — эканаміст

Завод Bosch у расейскай Самары. Фота ©Shutterstock

Кампанія Bosch спадзяецца, што 2016 год будзе стабільным, і плянуе павялічыць абʼёмы продажаў у Беларусі на 3 — 5%.

Пра гэта заявіў паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch ў Расеі, Украіне, Беларусі, Цэнтральнай Азіі, Манголіі і на Каўказе Хансʼюрген Обэрштольц, на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве. 2016 год, паводле ягонага меркаваньня, будзе для ўсяго рэгіёну стабільным.

«Што датычыць камэрцыйнай рызыкі — мы яе ў 2016 годзе ў Беларусі ня бачым. Мы жывём у няпростыя часы, і я не магу бачыць будучыні, але, спадзяюся, што бізнэс у Беларусі ў нас будзе расьці. Я думаю, рост будзе на тыя ж 3 — 5%», — спадзяецца Хансʼюрген Обэрштольц.

Хансʼюрген Обэрштольц (Hansjürgen Overstolz)

Bosch інвэставала ў Беларусь ў 2014 годзе 300 тысяч эўра

Мінулагодні абʼём продажу прадукцыі Bosch у Беларусі склаў каля 70 мільёнаў эўра. Гэта прыкладна на ўзроўні 2014 года. Абʼём інвэстыцый кампаніі ў Беларусь летась склаў 300 тысяч эўра.

Паводле словаў кіраўніка беларускага прадстаўніцтва Bosch Уладзімера Рыбалоўлева, сродкі ў асноўным пайшлі на разьвіцьцё сэрвісаў. На сёньняшні дзень у краіне працуе 98 станцый Bosch-аўтасэрвіс і 103 партнэры праграмы Bosch-модуль.

Уладзімер Рыбалоўлеў

Абарот Bosch у Расеі і СНД у эўра зьнізіўся на 20%, у расейскіх рублях — захаваўся

«Расея і СНД застаюцца для групы Bosch стратэгічна важным рэгіёнам», — адзначыў Хансʼюрген Обэрштольц. Абʼём продажу ў рэгіёне склаў 1,2 мільярдапэўра. Абарот у эўра зьнізіўся на 20%, аднак абʼём у расейскіх рублях захаваўся на старым узроўні.

Колькасьць пэрсаналу ў рэгіёне склала больш за 4,1 тысяч чалавек, каля 3,6 тысяч працуюць ў Расеі. На двух новых заводах Bosch у Самары і Энгельсе летась было створана 200 новых працоўных месцаў. Прычым Bosch не пабаяўся пачаць будаваць заводы ў Расеі ў крызісным 2014 годзе. Але колькасьць супрацоўнікаў у параўнаньні з 2014 годам у той жа Расеі скарацілася амаль на 300 чалавек.

Будаваць зборачныя лініі ў Беларусі Bosch пакуль не плянуе

У Беларусі з 1993 году працуе прадстаўніцтва Bosch, з агульнай колькасьцю супрацоўнікаў 50 чалавек.

На пытаньне журналістаў, ці не зьбіраецца Bosch пабудаваць у Беларусі нейкія зборачныя лініі ці завод, як у расейскім горадзе Энгельсе, спадар Хансʼюрген Обэрштольц адказаў:

«Пакуль мы не плянуем будаваць зборачныя лініі ў Беларусі».

Але адзначыў удалае супрацоўніцтва зь Менскім маторным заводам. Летась былі ўсталяваныя сыстэмы бясьпекі ў РНПЦ «Кардыялёгія», у «Прэзыдэнт-гатэлі», гатэлі «Рэнэсанс», на ААТ «БелАЗ», памежных пераходах. Праводзіцца нацыянальная сэртыфікацыя проціпажарных сыстэм.

Кіраўнік ІП «Робэрт Бош» ААТ (Беларусь) Уладзімер Рыбалоўлеў спадзяецца на пастаўкі сыстэм ASB (аўтаматычнай блякіроўкі тармазоў) з расейскіх заводаў на аўтамабільны завод «Белджы», што будуецца пад Барысавам. Гэта выгадна ў межах ЭАЭС, каб пазьбегнуць аплаты мыта. Спадар Рыбалоўлеў таксама разьлічвае, што будуць расьці продажы электраінструмэнтаў, асабліва акумулятарнай тэхнікі.

На думку Рыбалоўлева, таксама выгадна пастаўляць у Беларусь награвальныя катлы і радыятары, што вырабляюцца ў Энгельсе. Якасьць нямецкая, але зноў жа, эканомія на мыце.

«У Беларусі і рынак маленькі, і інвэстыцыйны клімат непрывабны»

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан такім чынам пракамэнтаваў адносна сьціплыя інвэстыцыі кампаніі Bosch у Беларусь:

«На 300 тысяч эўра інвэстыцый — гэта зусім мала. Чаму Bosch не інвэстуе ў Беларусь? Гэта звычайны прагматызм, без усялякай дыпляматыі кажучы. Бо Расея — гэта вялізны рынак, і там іншая прамысловая палітыка. І расейскі ўрад, і прэзыдэнцкая адміністрацыя праводзяць такую палітыку, каб інвэстыцыі ішлі ў Расею.

Няма нічога дзіўнага, што Bosch пабудаваў свае заводы ў такіх расейскіх гарадах, як Энгельс, Саратаў — там кампактна пражываюць паволскія немцы.

У Беларусі рынак маленькі. І як бы мы ні казалі, што ў нас саюзная дзяржава, агульная мытная прастора, Эўразійскі эканамічны саюз — гэта не заўсёды працуе, барʼеры адміністрацыйныя для беларусаў у Расеі ёсьць.

Я аднойчы размаўляў з кіраўніком расейскага прадстаўніцтва «Мэрсэдэсу». Ён тады ўзначальваў Асацыяцыю эўрапейскага бізнэсу ў Расеі — аўтамабільны напрамак. Ён сказаў: «Мы ня верым у гэтую адзіную мытную прастору, нават унутры Эўрапейскага Зьвязу — і тое супярэчнасьцяў хапае. І гэта яшчэ доўга будзе працягвацца...»

Валянцін Лопан

Заходнія кампаніі разумеюць, што калі ісьці ў Беларусь, інвэставаць з прыцэлам на ўвесь рынак Мытнага зьвязу, а цяпер ужо і на ЭАЭС, то насамрэч гэта ня будзе працаваць так, як яны хочуць. Трэба ісьці на той рынак, які вялізны, які часам расьце, часам падае, але тады ты гулец на вялікай прасторы, і цябе там успрымаюць.

Гэта нармальны прагматызм, і гэта ня так моцна залежыць ад таго, які ў нас інвэстыцыйны клімат. Толькі калі ў нас будзе ўжо так прывабна, такія льготы, лепшыя, чым у Расеі, як Карл Маркс пісаў, што будзе прыбытак ня ў 100%, а ў 300, тады капіталіст пойдзе туды, дзе 300%. Таму мы павінны разумець, што каб быць канкурэнтнымі на рынку інвэстыцый, трэба нешта прывабнае прапанаваць гэтым інвэстарам.

Інвэстары, якія канкрэтна разглядаюць краіну для інвэстыцый, наймаюць кансультантаў, юрыстаў, якія ня могуць нічога казаць, акрамя праўды. А ў нас ёсьць такія рэчы, пра якія як раскажаш інвэстарам, яны не павераць. Таму Bosch разважліва ўсё лічыць і ня вельмі імкнецца ў Беларусь».