Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка замарозіць штрафы інвэстарам і прымусіць іх вярнуць калгасную маёмасьць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся замарозіць на год штрафы інвэстарам, якія не змаглі ў час дабудаваць абʼекты. Таксама ён выказаўся за тое, каб інвэстары вярнулі прададзеную калгасную маёмасьць.

Гэтыя пытаньні ўздымаліся падчас дакладу старшыні Менскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры кіраўніку дзяржавы, перадае БЕЛТА.«Я гатовы разгледзець пытаньні па парушэньні дамоваў па будаўніцтве інвэстарамі. Але хацелася б, каб мы, вызваляючы іх ад санкцый па нявыкананых абавязацельствах, не зрабілі гэта нормай. Таму што мы зноў атрымаем масу „недастрояў“. Паабяцалі — трэба ўкладвацца ў тэрміны. Але калі ёсьць абʼектыўныя прычыны, вядома, інвэстараў трэба падтрымліваць, асабліва цяпер», — заявіў кіраўнік краіны.

Як патлумачыў журналістам Шапіра, у гэты няпросты для бізнэсу час ён папрасіў Лукашэнку дазволіць на год замарозіць штрафы: «Але калі за год яны не дабудуюць абʼектаў, тады прымяніць да іх штрафныя санкцыі — за гэты год уключна».

Яшчэ адно абавязацельства, якое не выконваюць інвэстары, датычыць перададзеных ім калгасаў і саўгасаў.

«Мы калісьці перадалі інвэстарам гаспадарчыя абʼекты — калгасы, саўгасы — а нешта там не атрымалася, і яны, па дзяшоўцы атрымаўшы ўласнасьць, пачынаюць перапрадаваць яе ўжо ўтрая даражэй па так званай рынкавай цане. Гэта непарадак. Гэта ня проста трэба спыніць зараз жа, а зрабіць так, каб усё вярнулі назад. Я вас тут абсалютна падтрымліваю», — сказаў Лукашэнка Шапіру.

Больш за дзесяць гадоў таму каля 125 прадпрыемстваў у Менскай вобласьці перадалі інвэстарам, як дзяржаўным, так і прыватным.

«На жаль, некаторыя прыватныя структуры на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы не зьвярнулі ўвагі, а, наадварот, сталі адтуль вымаць грашовыя сродкі, прадаваць незавершаныя абʼекты, нейкія іншыя тэрыторыі, — распавёў журналістам Шапіра. — Гэтыя гаспадаркі сталі банкрутамі. На шчасьце, іх няшмат, — 5-6 такіх прадпрыемстваў».

Шапіра мяркуе, што пасьля сёньняшняга дакладу кіраўніку краіны зьявіцца дакумэнт, на падставе якога інвэстары «вернуць усё, што забралі з гэтых прадпрыемстваў, што перапрадалі па рынкавых цэнах».

«Бо яны проста абяскровілі прадпрыемствы. У некаторых ужо і быдла прададзена. Трэба навесьці парадак. Там ёсьць людзі, калектывы: ім трэба жыць і працаваць», — адзначыў Сямён Шапіра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG