Сьцісла
- Ключавая стартавая пляцоўка на касмадроме Байканур у Казахстане была пашкоджаная пры запуску ракеты-носьбіта «Саюз», а гэта пагражае здольнасьці Расеі адпраўляць экіпажы на Міжнародную касьмічную станцыю.
- Экспэрты папярэджваюць, што рамонт можа заняць месяцы ці нават гады, што выклікае заклапочанасьць наконт будучыні грузавых місіяў «Прагрэсу», якія забясьпечваюць дзейнасьць станцыі.
- Касьмічная праграма Расеі гадамі зазнае няўдачы праз карупцыю, скарачэньне фінансаваньня, аварыі й санкцыі, што абмяжоўваюць доступ да тэхналёгіяў.
Ключавая стартавая пляцоўка на касмадроме Байканур у Казахстане была пашкоджаная падчас запуску ракеты-носьбіта «Саюз», што пагражае здольнасьці Расеі адпраўляць экіпажы на Міжнародную касьмічную станцыю, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майк Экель.
Цягам дзесяцігодзьдзяў расейская праграма пілятаваных касьмічных палётаў была цудам інжынэрнай думкі, нізкатэхналягічнай, простай сыстэмай, якая надзейна і бясьпечна дастаўляла дзясяткі касманаўтаў і астранаўтаў на арбіту. Пасьля таго як Амэрыка ў 2011 годзе спыніла палёты касьмічных чаўнакоў, караблі «Саюз» і «Прагрэс» былі «рабочымі коньмі» Міжнароднай касьмічнай станцыі (МКС). Яны дастаўлялі грузы на станцыю і вярталі людзей на Зямлю, а таксама забясьпечвалі энэргіяй паскаральнік, каб станцыя трымалася на арбіце.
Аднак апошнімі гадамі расейская касьмічная праграма пацярпела ад чарады ўдараў, яе рэпутацыя заплямленая карупцыйнымі скандаламі, скарачэньнем фінансаваньня, даволі значнымі аварыямі і абвінавачаньнямі кіраўніцтва ў тым, што яно мае палітычныя, а не навуковыя прыярытэты.
І вось новы ўдар. Калі карабель «Саюз» з двума расейцамі і адным амэрыканцам стартаваў у мінулым месяцы зь легендарнага комплексу Байканур, адзін з асноўных кампанэнтаў стартавай пляцоўкі быў пашкоджаны. Разьбілася кабіна тэхнічнага абслугоўваньня, якая трапіла пад выбух выхлапных газаў ад ракеты на ўзьлёце і ўпала.
Пакуль незразумела, што стала прычынай аварыі — ці чалавечая памылка, ці тэхнічная няўдача, але расейскае касьмічнае агенцтва «Роскосмос» заявіла, што спатрэбіцца рамонт. Праблема ў тым, што гэтая канкрэтная стартавая пляцоўка 31/6 — адзіная на Байкануры, зь якой магчыма запускаць пілятаваныя «Саюзы».
Экспэрты кажуць, што ў лепшым выпадку рамонт зойме некалькі месяцаў, але таксама магчыма, што на яго пойдуць гады.
«Калі гэтая штука зьнішчаная, ім спатрэбіцца час, каб зноў магчы запускаць ракеты, — сказаў Тэры Вэртс, былы астранаўт NASA і камандзір МКС, які лятаў на «Саюзе» з Байкануру, — і, улічваючы, што ўсе іх намаганьні скіраваныя на іхную ваенную машыну, я ня ўпэўнены, што яны змогуць запусьціць яе неўзабаве».
Амэрыканскія прыватныя кампаніі, такія як SpaceX і Blue Origin, могуць дастаўляць людзей, у тым ліку расейскіх касманаўтаў, і невялікія грузы на станцыю і назад, але яны ня могуць даць рады без расейскіх караблёў «Прагрэс» зь іхнымі прыладамі для належнага арыентаваньня карабля. Іншыя, нерасейскія, караблі могуць яго замяніць толькі часткова, сказаў Скот Пэйс, дырэктар Інстытуту касьмічнай палітыкі ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтана.
«Наўрад ці гэта будзе праблемай у бліжэйшым часе, але можа стаць праблемай, калі ў палётах „Прагрэсу“ будзе вялікі перапынак», — сказаў ён. «Я чуў розныя ацэнкі часу рамонту — ад аптымістычных шасьці месяцаў да пэсымістычных двух гадоў».
Your browser doesn’t support HTML5
Russia's Damaged Baikonur Space Launch Pad Could Be Offline For 'Months'
«У нас проста больш няма касмадромаў і пускавых комплексаў, здольных ажыцьцяўляць пілятаваныя запускі», — сказаў Вадзім Лукашэвіч, экспэрт касьмічнай галіны і былы канструктар досьледнага канструктарскага бюро імя Сухога, галоўнага вытворцы аэракасьмічнай тэхнікі Расеі.
«Расея апынулася ў сытуацыі, калі дзе тонка, там і рвецца, і парвалася ўсё», — сказаў ён расейскаму парталу BFM.ru.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палёт у космас — падарунак Беларусі за ляяльнасьць». Як Беларусь асвойвала космас і колькі гэта каштуеНайлепшыя часы Байкануру
Байканур быў сынонімам савецкай і расейскай касьмічных праграмаў амаль сем дзесяцігодзьдзяў. З раскінутага ў стэпах паўднёвага Казахстану комплексу стартавалі ў неба сотні ракет, у тым ліку балістычных. Ён адыграў сваю ролю ў пэўных найвялікшых касьмічных дасягненьнях — першы ў сьвеце спадарожнік, першы чалавек у космасе Юрый Гагарын. Комплекс перажыў распад СССР, цяпер Расея арандуе аб’ект у Казахстану.
Да таго як прыватныя касьмічныя кампаніі пачалі лятаць на МКС, Байканур быў адзіным месцам, адкуль можна было даставіць людзей і грузы на арбіту. Абʼект быў месцам надзейных і недарагіх запускаў камэрцыйных спадарожнікаў, што, паводле ацэнак, прынесла Расеі амаль 10 мільярдаў даляраў даходу за апошнія 25 гадоў.
Пасьля таго як Расэя анэксавала Крымскі паўвостраў Украіны ў 2014 годзе, заходнія краіны, у тым ліку Злучаныя Штаты, пачалі ўводзіць санкцыі супраць расейскіх кампаніяў і найвышэйшых службоўцаў. Тым ня менш NASA і «Роскосмос» працягвалі супрацоўнічаць у эксплюатацыі МКС.
Рэпутацыя «Роскосмоса» была заплямленая чарадой няўдачаў. Гадамі яго ўзначальваў Дзьмітрый Рагозін, пыхлівы нацыяналіст, былы дэпутат. Пад яго кіраўніцтвам «Роскосмос» пабудаваў новы абʼект замест Байкануру — касмадром «Восточный» у Амурскай вобласьці на Далёкім Усходзе. Аднак масіўнае перавышэньнем бюджэту праекту прывяло да расьсьледаваньняў карупцыі ў ім. У мінулым месяцы частка комплексу «Восточный» пацярпела ад адключэньня электрычнасьці пасьля таго, як мясцовы пастаўнік электраэнэргіі адключыў яе за нясплачаныя рахункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага касманаўта нечакана адлічылі з амэрыканскага экіпажу перад супольным палётам на МКСБудучы на пасадзе, Рагозін даў некалькі дзіўных камэнтароў, у тым ліку выказаў здагадку, што штучную дзюрку, знойдзеную ў расейскім караблі, наўмысна прасьвідраваў амэрыканскі астранаўт. Ён дазволіў тром касманаўтам на станцыі фатаграфавацца зь сьцягамі сэпаратыстаў з Усходу Ўкраіны, што выклікала надзвычайнае публічнае асуджэньне з боку NASA. Неўзабаве пасьля гэтага яго звольнілі з пасады, замяніўшы больш тэхнакратычным былым віцэ-прэмʼер-міністрам.
Колькі часу трэба на рамонт
У заяве, апублікаванай пасля інцыдэнту з запускам 27 лістапада, NASA заявіла, што ведае пра інспэкцыю абʼекту, якую праводзіць «Роскосмос», але накіроўвае дадатковыя пытаньні расейскаму ведамству. Пакараньне заходнімі санкцыямі, уведзенымі ў адказ на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, абмежавала «Роскосмосу» магчымасьці набываць тэхналёгіі і абсталяваньне для падтрыманьня сваёй састарэлай інфраструктуры.
Тэхналёгіі, паводле якіх вырабленыя караблі «Саюз» і «Прагрэс», у значнай ступені паходзяць ад расейскіх вытворцаў. У пэўнай ступені гэта абараняе касьмічную праграму ад збояў, зьвязаных з ізаляцыяй ад усясьветных рынкаў. Некаторыя экспэрты адзначаюць, што ўлады могуць паспрабаваць вывезьці на Байканур дэталі і абсталяваньне зь іншых абʼектаў: напрыклад, з касмадрому «Восточный» ці з абʼекту «Плесецк» на поўначы Расеі, які займаецца запускамі спадарожнікаў і ракет.
Расея арандуе Байканур у Казахстану
Сам «Роскосмос» загадаў завяршыць рамонт да красавіка, але да такога тэрміну многія экспэрты ставяцца скептычна.
«Калі праца пойдзе хутка, яны ўсё ж змогуць яе завяршыць», — сказаў Нурлан Аселкан, галоўны рэдактар і выдавец казахстанскага часопісу ««Космические исследования и технологии».
«Цяжка сказаць, наколькі гэта рэалістычна», — сказаў ён, хоць інжынэры, магчыма, ужо знайшлі замену пашкоджанай кабіне на аэракасьмічнай вайсковай базе ў Тамбоўскай вобласьці Расеі і цяпер сьпяшаюцца даставіць яе ў Казахстан.
«Я лічу, што ў пэўнай ступені гэтая аварыя падштурхнула „Роскосмос“ да рэалізму, бо стварыла сытуацыю, калі гэтыя амбіцыі — стварэньне цалкам новай інфраструктуры, новых ракет, новых караблёў на касмадроме „Восточный“ — не адпавядалі магчымасьцям», — сказаў Аселькан.
Нягледзячы на ўсё гэта, паводле яго, «Байканур застанецца галоўным касмадромам „Роскосмоса“ ў агляднай будучыні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская касманаўтка Васілеўская вярнулася ў Менск. Лукашэнка прысвоіў ёй званьне Героя Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваенныя» страты расейскай касманаўтыкі. Што можа чакаць беларускага касманаўта на расейскім караблі