АГП патрабуе спыніць будаўніцтва БелАЭС

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька на XVII зьезьдзе партыі

Аб’яднаная грамадзянская партыя патрабуе ад уладаў спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС. Заяву аб гэтым прыняла палітычная рада партыі 2 жніўня, паведамляе прэс-служба АГП.

«Падзеі апошніх месяцаў, якія адбываюцца на будоўлі АЭС у Астраўцы, спараджаюць у грамадзтве розныя чуткі. Няштатная сытуацыя, якая здарылася на будоўлі 10 ліпеня і пра якую стала вядома толькі 25 ліпеня зь незалежных СМІ, выклікае трывогу ў насельніцтва. Доўгае маўчаньне, супярэчлівыя паведамленьні розных афіцыйных структураў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве, толькі пагаршаюць сытуацыю. З чаго вынікае, што трагічны досьвед будаўніцтва і эксплюатацыі Чарнобыльскай АЭС паўтараецца ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

У партыі адзначаюць, што «адсутнасьць поўнай і дакладнай інфармацыі пра інцыдэнт выклікае ў грамадзян і міжнароднай супольнасьці абгрунтаваны недавер і сумненьні ў дзеяньнях уладаў».

«Тым больш што відавочна палітычнае рашэньне пра будаўніцтва АЭС прынятае насуперак здароваму сэнсу і ня мае нічога супольнага з эканамічнай мэтазгоднасьцю — яна нікім не даказаная і не атрымала экспэртнай і грамадзкай ацэнкі», — гаворыцца ў заяве.

АГП лічыць, што інцыдэнт, «які здарыўся пры ўдзеле расейскага генэральнага падрадчыка ЗАТ «АСЭ» на будоўлі АЭС, толькі пацьвярджае наяўнасьць пагрозаў і рызыкаў, якія нельга выключаць у будучыні і пры пазьнейшай эксплюатацыі станцыі».

Інцыдэнт на Беларускай АЭС здарыўся 10 ліпеня. Падчас тэставага ўсталяваньня корпусу рэактара 330-тонны агрэгат упаў з вышыні ад двух да чатырох мэтраў.

1 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што мантаж корпуса рэактара прыпыненыя, а дзяржкарпарацыя «Росатом» заявіла пра гатоўнасьць замяніць корпус рэактара.