Магілёў: з сарака пікетаў улады дазволілі адзін

Плянуецца, што ў пікеце супраць адмены льготаў возьмуць удзел дзесяць чалавек.

Дазволены пікет адбудзецца ў вызначаным гарадзкімі ўладамі месцы, на пляцоўцы перад будынкам Палацу культуры і адпачынку Магілёўскага гарвыканкаму па вуліцы Чалюскінцаў. Палац культуры знаходзіцца ў баку ад людных гарадзкіх вуліц.

Заяўнік пікету, Валер Беразіенка, паведаміў “Свабодзе”, што яго ўжо пасьпелі папярэдзіць – калі ў пікетным ланцугу будзе больш за дзесяць чалавек, яго пакараюць.

Пры канцы лістападу ў Магілёўскі гарвыканкам было пададзена сорак заявак на пікетаваньні супраць адмены льгот. Пікеты меліся адбыцца ў розных месцах гораду. Заяўнікі абяцалі, што ў выпадку, калі пікеты ня будуць дазволеныя, яны будуць дамагацца свайго права на правядзеньне акцыяў пратэсту праз суд.