16 сьнежня – пікеты супраць адмены льготаў

Палітрада аб’яднаных дэмакратычных сілаў вызначыла парадак сацыяльных акцыяў у нядзелю, 16 жніўня. Плянуецца, што ў гэты дзень у Менску, а таксама ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах адбудуцца пікеты, шэсьці і мітынгі супраць скасаваньня сацыяльных льготаў.

Сябра Палітрады Валеры Ўхналёў паведаміў “Свабодзе”, што ў Менску чакаецца больш як 100 пікетаў. Іх удзельнікі будуць раздаваць спэцыяльны нумар газэты “Товарищ”, а таксама ўлёткі, ў якіх тлумачыцца, якія будуць грашовыя страты насельніцтва ад скасаваньня льготаў, і прычыны гэтага.

Са словаў Валеры Ўхналёва, ў выканкамы 50 гарадоў Беларусі загадзя было пададзена больш як 800 заявак на акцыі 16 сьнежня.. Пакуль афіцыйны дазвол атрыманы толькі ў Магілёве. Але Валер Ухналёў кажа, што і ў іншых рэгіёнах акцыі адбудуцца абавязкова:

«Мы вырашылі, што ў Менску застаюцца Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька. Анатоль Ляўковіч паедзе ў Бабруйск, я паеду ў Гародню. Таксама нашы людзі паедуць у Віцебск, Магілёў, Гомель. Мы зрабілі, і пра гэта ўжо можна казаць (таму што ўсё дастаўлена на месцы) газэты і ўлёткі. Так што нашы людзі выйдуць і там, дзе дазволы на акцыі дагэтуль не атрыманыя».